Вячаслаў Касінераў: Нас не запалохалі
Адзін з фігурантаў па «справе графіцістаў» Вячаслаў Касінераў успамінае вынікі судовага працэсу і дадае, што будзе надалей змагацца, каб дабіцца справядлівасці.
Нагадаем, фігуранты «справы графіцістаў», разгляд якой завяршыўся не так даўно ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, аштрафаваныя: Вячаслаў Касінераў — на 30, Максім Пякарскі — на 40, Вадзім Жаромскі — на 50 базавых велічынь. Пры гэтым яны прызнаныя вінаватымі толькі ў пашкоджанні маёмасці, злоснага хуліганства ў іх дзеяннях не ўстаноўлена.
Тым часам, неабыякавыя людзі пачалі збор сродкаў на аплату штрафаў і, па некаторай інфармацыі, ужо сабрана каля тысячы даляраў.
Вячаслаў Касінераў: Асабіста я быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што распачалася такая ініцыятыва. Мы ўсе надзвычай усхваляваныя такой салідарнасцю. У сацыяльных сетках таксама за некалькі гадзін з’явілася столькі рэпостаў, калі прачыталі, што гэта закранула нават далёкае замежжа – з Аўстраліі і Амерыкі нам пералічвалі грошы. Гэта было ў пэўным сэнсе нават дзіўна. Хоць і прыемна.
РР: Сёння былы судовы працэс – гэта ўжо гісторыя ці абмяркоўваеце яго да гэтага часу?
Вячаслаў Касінераў: Суд прайшоў, мы зрабілі высновы. Зараз трэба рухацца наперад, бо паўстаюць новыя пытанні. Мы дастаткова перажылі, але гэта і праўда ўжо гісторыя. Зараз разглядаем нейкія новыя свае задачы, мэты, плануем надалей дзейнасць. Галоўнае, што нас не запалохалі.
РР: Пры затрыманні ў мінулым годзе вам зламалі сківіцу. Ці працягваецца разбіральніцтва па гэтай справе?
Вячаслаў Касінераў: Так, сёння з гэтай нагоды быў у следчага. Я ўсё ж-такі спадзяюся, што вінаватых могуць прыцягнуць да адказнасці. Па вялікім рахунку, справу маглі пры жаданні даўно закрыць, але ж нейкі працэс ідзе. Тым больш, я думаю, справа мае грамадскі рэзананс, таму следчыя таксама адсочваюць, што я кажу журналістам, як справу каментуюць незалежныя юрысты. Таму буду змагацца да канца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: svaboda.org