Вячаслаў Касінераў: Заяву пісаць адназначна не буду



Актывіст анархісцкіх поглядаў Вячаслаў Касінераў распавёў, чаму ён не збіраецца разбірацца ў “маладзечненскім інцыдэнце”.

Як раней паведамлялася, на мінулым тыдні актывіста Вячаслава Касінерава і яго паплечнікаў збілі ў цэнтры Маладзечна каля 20-25 чалавек неанацысцкіх поглядаў. У маладога чалавека – пералом носа і закрытая чэрапна-мазгавая траўма.

Са слоў прадстаўніка ўпраўлення ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму, па дадзеным факце праводзіцца праверка.

Вячаслаў Касінераў: Па факце збіцця заяву адназначна пісаць не буду, я не хачу ў гэтай сітуацыі ўзаемадзейнічаць з міліцыяй, пра што ім і паведаміў.

РР: Але праваахоўнікі кажуць, што праверка ўсё роўна праводзіцца…

Вячаслаў Касінераў: Пасля таго рэзанансу, што быў у СМІ, магчыма, нешта і правяраюць. Не выключаю нават, што якому-небудзь шэраговаму міліцыянту “дадуць па шапцы”, бо факт сам па сабе дзікунскі – у цэнтры горада ў светлы час сутак збіваюць чалавека, а праваахоўнікі ў гэты час недзе пахаваліся. Думаю, гэта ўсё не так проста адбывалася. Калі людзі вырашыліся на збіццё, то, магыма, яны ведалі, што ў іх развязаны рукі і ніхто за гэта іх не пакарае. Я ноччу падыйшоў да паштовай скрыні, дык адразу ж з’явілася міліцыя, каб праверыць, ці не наляпіў улётку, а тут збіваюць на цэнтральнай плошчы – і нікога няма. Значыцца, альбо сама сістэма не дзейнічае, альбо яна спецыяльна не дзейнічала.

РР: А можа варта было б напісаць заяву, каб такая ж сітуацыя не паўтарылася ў будучым?

Вячаслаў Касінераў: Мне падаецца, што тут больш важная рэакцыя грамадскасці, бо зусім дрэнна стане, калі збіццё актывістаў невядомымі групоўкамі стане тэндэнцыяй. Ва Украіне і Расеі мы ўжо бачылі, як працуюць “цітушкі”. Галоўнае, каб гэта і ў Беларусь не перакінулася.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя