Вячаслаў Сіўчык абвясціў галадоўку?



Палітык Вячаслаў Сіўчык, які знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску, верагодна, абвясціў галадоўку.

„Учора ён адмовіўся ад перадачы, гэта значыць, што ён галадае, — паведаміла БелаПАН Алена Талстая, сустаршыня руху салідарнасці „Разам”, які заснаваў палітык. — Адваката да Вячаслава ўчора не пусцілі, хоць ён некалькі гадзін стаяў каля ЦІП. Сказалі, што няма кабінетаў для наведвання”.

Сіўчык быў затрыманы 21 сакавіка ля свайго дома людзьмі ў цывільным, якія растлумачылі свае дзеянні нібыта здзейсненым злачынствам і неабходнасцю дапытаць. У выніку яго даставілі ў ЦІП для адбыцця пакарання, вынесенага летась.

У кастрычніку 2017 года суд Партызанскага раёна Менска асудзіў Сіўчыка на пяць сутак арышту за ўдзел у акцыі супраць правядзення сумесных беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”, якая была прымеркаваная да Дня беларускай вайсковай славы 8 верасня.

21 сакавіка таксама былі затрыманыя і зараз знаходзяцца ў ЦІП палітыкі Уладзімір Някляеў і Максім Вінярскі.

БелаПАН