Вячаслаў Сіўчык: Дзяржаўнае ўпарадкаванне Курапатаў выглядае сумна
У Курапатах пад Менскам Рух салідарнасці “Разам” правёў традыцыйную штомесяцавую акцыю ўшанавання памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій.
Кажа лідар Руху Вячаслаў Сіўчык:
– Мы стаім каля Крыжа пакутаў і можам бачыць тое ,чаго ў Курапатах раней ніколі не было. Вось гэтыя зараслі травы. Я ніколі не памятаю, каб у Курапатах на ўваходзе быў такі непрыглядны выгляд. Вось паказчык, як сённяшняя ўлада занялася ўпарадкаваннем і вось да чаго гэта прыводзіць. Так было, ёсць і будзе. Але траву можна пакасіць. Самае галоўнае – каб яны не знішчалі людзею. Бо неасуджанае зло чым заўсёды вельмі небяспечнае? Тым, што ўсё гэта можа паўтарыцца.
Сёлета ўвесну ў межах так званага ўпарадкавання на распараджэнне кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Курапатах былі знесеныя крыжы па перыметры народнага мемарыялу. Пракладзеную камунальнікамі сцежку з грунтацэменту за колькі месяцаў размыла дажджамі.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара
