Вячаслаў Сіўчык: Грамадства не прайграла барацьбу за Курапаты



“Грамадства не прайграла гэтую барацьбу”. Так сітуацыю вакол пратэстаў у Курапатах каментуе сябра Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык.

Каля рэстарана “Поедем поедим”, які месціцца ў непасрэднай блізкасці ад памятнага ўрочышча і нават закранае першапачатковую ахоўную зону мемарыяла, працягваецца варта актывістаў. На думку Сіўчыка, такая сітуацыя не адпавядае ментальнасці беларусаў:

– Самое знаходжанне гэтага кабака нават побач з Курапатамі, нават калі б гэта было далей, непрымальна для беларусаў. Па-першае, ёсць варта, якая трымаецца, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія ёсць.  Другое, самае для мяне галоўнае, беларускае грамадства адназначна выступіла супраць гэтага кабака. Гэта не пустыя словы. Вы ведаеце, што шмат хто з дзеячоў нават лукашэнкаўскага рэжыму і то асудзіў тое, што ўлады далі дазвол гэтаму кабаку.

Варта актывістаў каля Курапатаў працягваецца ўжо амаль пяць месяцаў. На ўдзельнікаў варты перыядычна складаюць адміністрацыйныя пратаколы, штрафуюць і садзяць на суткі. У той жа час ва ўрочышчы завяршаюцца падрыхтоўчыя працы па ўсталёўцы дзяржаўнага памятнага знака, у выніку якіх былі пашкоджаныя некаторыя з усталяваных людзьмі крыжоў.

Вячаслаў Сіўчык таксама заклікаў  усіх далучацца да акцыі на Дзяды.  Як паведамлялася, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ у нядзелю, 28 кастрычніка, правядзе традыцыйнае шэсце ў Курапаты. Улады далі дазвол. “Рух салідарнасці “Разам” далучаецца да гэтай акцыі”, – кажа Сіўчык:

– Рух салідарнасці “Разам” заўсёды далучаўся да гэтай акцыі. Мы заўсёды ўдзельнічалі ў гэтых шэсцях. Сёлета мы таксама будзем удзельнічаць. Я хацеў бы выкарыстаць магчымасць і заклікаць усіх менчукоў, што мяне чуюць, хто можа, няхай таксама падыходзяць. Бо гэтыя Дзяды будуць адбывацца якраз у той момант, калі ўлада знішчае нацыянальны некропаль. І вельмі важна, каб усё ж такі на гэтай акцыі было шмат людзей.

Збор удзельнікаў акцыі запланаваны ў 11.30 каля станцыі метро Парк Чалюскінцаў. Акцыя пройдзе ў традыцыйным фармаце і традыцыйным маршрутам, і завершыцца ў Курапатах, дзе запланаваны мітынг. Сёлета спаўняецца 30 гадоў з часу першага масавага шэсця ў Курапаты на Дзяды.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя