Вячаслаў Сіўчык: Курапаты ёсць ля кожнага буйнога горада Беларусі



Прадстаўнік Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык адказаў на пытанне, чаму арганізацыя праводзіць шэраг акцый ушанавання славутых беларусаў. Палітык успрымае гэта як важны чыннік аднаўлення гістарычнай памяці беларускай нацыі і выхавання патрыятызму.

– Акцыі па аднаўленні гістарычнай памяці неабходна праводзіць у любым месцы. Чамусьці хтосьці запусціў, што такіх месцаў як Курапаты дзясяткі. Хтосьці называе лічбу 70. Шаноўнае спадарства, Курапаты ўзнікалі каля кожнай турмы НКВД. Каля кожнага буйнога горада Беларусі. Ёсць дастаткова вялікая колькасць месцаў, дзе НКВД расстрэльвала. Гэта сотні месцаў па Беларусі. Тое ж самае тычыцца і нацысцкіх злачынстваў. Тое ж самае тычыцца і іншых перыядаў вельмі важных. Гэта Божы цуд, што пасля таго, што рабілі з нашай нацыяй у ХХ стагоддзі, беларусы засталіся.

Вячаслаў Сіўчык лічыць, што беларусам неабходна адстойваць Курапаты і знаходзіць звесткі пра іншыя месцы масавых расстрэлаў у нашай краіне.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск