Вячаслаў Сіўчык: Не веру ўладам у пытанні мемарыялізацыі Курапатаў
У Беларусі адзначаюць Дзень перамогі – 73-ю гадавіну завяршэння Другой сусветнай вайны. Ці варта ў гэты дзень святкаваць або трэба смуткаваць? Між іншым пра гэта, але таксама пра ўшанаванне памяці ахвяраў у Курапатах, Яна Запольская паразмаўляла з госцем нашага радыё.
РР: Сённяшні наш госць – беларускі палітык, прадстаўнік руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык.
РР: Рух салідарнасці “Разам” вядомы тым, што праводзіць штомесяц традыцыйныя акцыі ў Курапатах. Як вядома, у гэтым годзе і таксама ў мінулым афіцыйныя ўлады праявілі нейкае жаданне дапамагчы ў Курапатах. Як вы глядзіце на гэтыя памкненні ўладаў? Ці думаеце, лепш бы яны не ўваходзілі ў гэтыя справы?
Вячаслаў Сіўчык: Абсалютна няма ў мяне даверу ў гэтым пытанні да сённяшняй улады Беларусі. Я лічу, што нічога добрага яны ў пытанні мемарыялізацыі Курапатаў зрабіць проста не могуць. Лічу Курапаты, тая мемарыялізацыя, якая там адбылася, вельмі сур’ёзным здабыткам беларускай нацыі. Таму што гэта фантастыка, у тых умовах, калі ўлада заўсёды пярэчыла мемарыялізацыі, пярэчыла нават відавочным фактам, што адбываліся камуністычныя рэпрэсіі ў нашай краіне. Самі людзі былі здольныя рэалізаваць канцэпцыю Зянона Пазьняка. І сёння нацыянальны некропаль мае ўжо выгляд нацыянальнага мемарыяла. Прычым людзі зрабілі ўсё гэта самі. Крыжы – гэта традыцыйныя сімвалы для Беларусі. І натуральна, мне вельмі страшна стала, калі зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заявіў, пакладзіце мне нейкія дакументы на стол, я буду займацца мемарыялізацыяй. Я баюся ўсіх гэтых крокаў сённяшняй улады, бо гэта тая страшная сістэма, ЧК, ГПУ, НКВД, МГБ, якая знішчала і беларускую нацыю, і іншыя нацыі, якія трапілі пад панаванне камуністаў. Хацеў бы нагадаць слухачам Радыё Рацыя, што 3 чэрвеня будзе вельмі важная дата для ўсіх нас. 3 чэрвеня 1988 года газета “Літаратура і мастацтва” надрукавала знакаміты артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Дарога на Курапаты”. Я сам памятаю свае эмоцыі, калі я прачытаў гэты артыкул. Я ўдзельнічаў у мітынгу, які арганізоўвала “Талака”. Гэта быў масавы мітынг ужо ў абарону і аўтараў гэтага артыкула, і газеты “ЛіМ”, якая надрукавала з прадмовай Васіля Быкава гэты артыкул. І я лічу, што менавіта дата 3 чэрвеня вельмі важная для беларускага нацыянальнага руха. Мне здаецца, што навейшая хваля беларускага адраджэння як раз і пачынаецца з гэтай даты. Таму што ўпершыню беларусы пабачылі як іх шмат.
РР: І як іх знішчалі…
Вячаслаў Сіўчык: І што яны здольныя аб’яднацца ў барацьбе за праўду. І ўжо пазней дадалася яшчэ адна тэма – гэта барацьба за праўду пра Чарнобыль. Практычна так і паўстаў Беларускі Народны Фронт “Адраджэнне” – першая некамуністычная арганізацыя. На вялікі жаль, у звязку з тым, што ўлады ў нас сёння такія, як ёсць, я не бачу адпаведнай акцыі ў Беларусі гэтай даце. Таму дэлагацыя руху салідарнасці “Разам” паедзе ў Кіеў, каб 3 чэрвеня правесці акцыю па ўшанаванні ахвяр камуністычных рэпрэсій. Быкіўня – гэта таксама знакамітае месца. Пра яго даведаліся не так, як пра Курапаты ў канцы 80-х, а падчас Другой сусветнай вайны. Там, у адрозненні ад Беларусі, паважаюць памяць людзей, якія загінулі ад камуністычных рэпрэсій.
Быкіўня ўнікальнае яшчэ тым – што гэта адзінае месца, якое аднойчы наведаў з афіцыйным візітам Аляксандр Лукашэнка, калі ён вёў перамовы з Віктарам Юшчанкам, тагачасным прэзідэнта Украіны. Яны разам усклалі кветкі і ўшанавалі памяць ахвяр камуністычных рэпрэсій. Што я лічу добра, бо і ў Курапаты, напрыклад, нельга нікому забараняць прыходзіць. Гэта як царкава. І ніхто не мае права ў такія святыя месцы нікому забараняць прыходзіць. І гэта вельмі кепска, што сённяшні кіраўнік Беларусі ні разу не наведаў Курапаты, што, канешне, проста дзіка.
РР: Паколькі гаворым пра памятныя мерапрыемства, сустракаемся з вамі ў дні, калі прыгадваем завяршэнне Другой сусветнай вайны. У беларускай прасторы, прынамсі ў незалежнай прасторы, вядуцца дыскусіі наконт таго, ці павінен гэта быць дзень парадаў і святкаванняў, ці ўсё ж такі дзень смутку і прымірэння. Вось якую пазіцыю вы занялі ў гэтым пытанні?
Вячаслаў Сіўчык: Па-першае, рух салідарнасці “Разам” даўно далучыўся да той акцыі, якую яшчэ запачаткавала Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. Гэта акцыя, якая праходзіць на Вайсковых могілках 8 траўня. У той дзень, калі адбылася капітуляцыя нацысцкай Нямеччыны перад войскамі саюзнікаў. Асноўнае, я лічу, мы не павінны забываць пра дату 8 траўня, як дату, якая таксама належыць беларускай нацыі. Чаму? Таму што мы пераможцы. Мы нацыя, якая перамагла нацысцкую Германію. Не трэба забываць, што акрамя жорсткіх рэпрэсій, ахвяраў, ёсць і здабыткі нацыі. І тое, што беларуская нацыя за ўнёсак у барацьбу з нацызмам, дакладней БССР, стала заснавальнікам ААН. У нас вельмі шмат герояў. Таму што беларусы аказаліся паміж двума таталітарнымі рэжымамі. Вайна ішла менавіта на нашай тэрыторыі, яна была страшная, і натуральна мы не можам забываць гэтую дату.
Цалкам гутарка:
З госцем Рацыі размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.