Вячаслаў Сіўчык падаў скаргі на ўмовы ўтрымання ў СІЗА



Стваральнік Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык падаў дзве скаргі: у Пракуратуру і ў Гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Менска. Скаргі датычацца ўмоў утрымання адміністрацыйна арыштаваных у ізалятары на Акрэсціна.

Усяго палітык пералічыў 12 пунктаў, якія павінны выклікаць занепакоенасць праваабарончых арганізацый і грамадскасці, туды ўвайшлі тэмпература ў камеры, санітарныя ўмовы, асвятленне, графік раздачы ежы. Акрамя таго, да Вячаслава Сіўчыка не пускалі адваката. Але пералічаныя пункты датычацца не толькі арыштаваных па палітычных справах.

Дванаццаць канкрэтных фактаў, якія з’яўляюцца не асабістым пераследам менавіта мяне як палітычнага дзеяча, а з якімі рэальна сутыкаюцца ўсе адміністрацыйна арыштаваныя. Наогул, маё зняволенне было незаконнае: незаконны быў суд, незаконны быў прысуд, незаконныя былі затрыманні абодва разы. Але скарга пададзена менавіта пра ўмовы ўтрымання, якія супярэчаць у тым ліку і міжнародным пагадненням, што падпісваліся ад імя Рэспублікі Беларусь.

Адзін з лідараў руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык у траўні адбыў 15 сутак арышту ў ізалятары на Акрэсціна за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла 1 мая ў Менску. Палітык не збіраецца пакідаць без увагі ўмовы ўтрымання ў беларускіх ізалятарах і турмах і чакае адказу на свае скаргі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя