Вячаслаў Сіўчык: Уладзе чужая ўся беларуская гісторыя
8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы.
Пра тое, як і калі пачалі святкаваць гэтае свята, важнае для Беларусі, кажа „Госць Рацыі” палітык Вячаслаў Сіўчык:
РР: Калі дэмакратычная супольнасць упершыню адзначылыла Дзень беларускай вайсковай славы?
– Гэта запачаткаваў Беларускі Народны Фронт. Мне здаецца, што першыя спробы былі яшчэ ў 80-я гады. Але ж дакладна ўжо ў незалежнай Беларусі. Гэта было асноўнае вулічнае мерапрыемства – Дзень беларускай вайсковай славы. Ворша 1514. У 1992 годзе адбывалася вялікая вулічная акцыя Беларускага Народнага Фронту. Арганізоўваў гэта ўсё сакратар управы Віктар Івашкевіч светлая яму памяць. Усё гэта велічна выглядала і адыгрывала велізарнейшую ролю ў разуменні беларусаў, што патрэбна незалежная Беларусь. Я ніколі не забуду, быў адзін такі момант напачатку 90-х, калі менская міліцыя адмовілася нам даваць турнікеты. Там былі не толькі выступы, там яшчэ музыкі выступалі, гэта каля Опернага тэатру. Каля яго на плошчы Парыжскай Камуны часцяком святкаваўся Дзень Беларускай вайсковай славы. Прыйшлося браць дружыне, якой я кіраваў, турнікеты на стадыёне Дынама. Я знайшоў там грузавік, дружыннікі загрузілі гэтыя турнікеты, я сеў да кіроўцы. Пад’язджаем да Опернага тэатра, ён пытаецца: „А что тут у вас происходит?”. Пасля чытае „Ворша 1514”, звычайна нашыя мастакі вельмі добра аздаблялі гэтае месца, і сам сабе адказвае „А, гэта калі пад Воршай нашы маскалям увалілі”. На жаль, калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, то святкаванне Дня беларускай вайсковай славы стала больш праблематычным, але яно ўвесь час адбывалася. На Крапівеньскім полі з пачатку 90-х высілкамі Андрэя Мельнікава і Алеся Пушкіна ды іншых, там адбываліся мерапрыемствы, прычым яны былі масавымі. Нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў у 2007 годзе, а тады на Крапівеньскім полі быў кантроль вельмі моцны на вакзалах і на дарогах з боку сілавых структур, усё роўна на полі сабралася каля 200 чалавек, праўда яны былі разбітыя па чатырох лагерах. Тады адбывалася чарговая спроба пасадзіць па крымінальнай справе знакамітага мастака Алеся Пушкіна, які ў аршанскім РАУСе растаптаў „капусту” і выкінуў лукашысцкі сцяг. Такі быў пратэст супраць тых беспадстаўных арыштаў людзей, якія хацелі адсвяткаваць нашу бліскучую перамогу. Таксама ў замежжы заўсёды адбывалася святкаванне дня беларускай вайсковай славы. Гэтая традыцыя была закладзена вельмі даўно. У наш час акцыі адбываліся шмат у якіх краінах. Рух салідарнасці „Разам” ужо 10-ць гадоў праводзіць Дзень беларускай вайсковай славы ў Львове. Нягледзячы на ўсе цяжкасці беларусы заўсёды адзначалі славутую перамогу 8-га верасня. Мне вельмі прыемна, што і ў гэтую нядзелю беларусы былі на Крапівеньскім полі. Абуральна, што зноў такі былі арышты.
РР: Чаму беларусы надаюць гэтаму дню такую ўвагу?
– 8-га верасня 1514 года нашае войска пад кіраўніцтвам Канстаціна Астрожскага ўшчэнт разграміла маскоўскую арду. Такім чынам на некалькі стагоддзяў мы захавалі сваю незалежнасць. Унікальнасць гэтай бітвы ў тым, што ўсе былі ўпэўненыя ў тым, што перамогуць як раз маскавіты. Гісторыкі даюць розную колькасць удзельнікаў бітвы, але часцей за ўсё кажуць, што ў нашым войску было 30 тысяч ваяроў, а ў маскоўскім 80 тысяч. Маскавіты былі абсалютна ўпэўненыя ў сваёй перамозе. Бліскуча збудаваў тактыку Канстанцін Астрожскі, ён вельмі ўдала размясціў свае гарматы. Як раз удар гарматаў змяшаў варожае войска і яно практычна ўсё было высечана. Дзякуючы гэтаму Беларусь заставалася ў Еўропе і не апынулася пад расейскай акупацыяй некалькі стагоддзяў.
Таксама хацеў бы нагадаць другую вельмі важную дату – гэта масавае прыняцце прысягі беларусамі ў 1992 годзе. 2000 афіцэраў, сяржантаў і жаўнераў запасу на плошчы Незалежнасці прынялі прысягу на вернасць Беларусі. Арганізоўвала гэта Беларускае Згуртаванне Вайскоўцаў на чале якога стаяў Мікола Статкевіч. Тады тыя афіцэры, якія служылі і прымалі прысягу разам з актывістамі БЗВ, яны пасля, у тым ліку і Статкевіч, былі незаконна выкінутыя з войска. Гэта палітычная акцыя мела вельмі вялікі сэнс для незалежнасці.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
З „Госцем Рацыі” Вячаславам Сіўчыкам размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя