Вячаслаў Сырыца дамагаецца справядлівасці ў судзе Нясвіжскага раёна



Звольнены кіроўца агракамбіната “Сноў” Вячаслаў Сырыца праз суд Нясвіжскага раёна дамагаецца атрымаць належныя заробленыя выплаты. Паколькі кіраўніцтва адмовілася выплачваць іх дабраахвотна, нягледзячы на былыя заслугі работніка, які адпрацаваў у гаспадарцы добрасумленна 50 гадоў.

Кажа Вячаслаў Сырыца:

– Мне павінны былі выплаціць больш за дзве з паловай тысячы рублёў. А мне заплацілі толькі за адзін месяц – 229 рублёў 35 капеек. І астатнюю суму мне адмаўляюцца выплачваць. Матывуюць гэта тым, што прайшлі тэрміны. Кажуць, так, мы павінны выплаціць, але нічога не плацяць.

Сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксандр Вайцешык лічыць, што і гэтыя грошы гаспадарка не збіраецца аддаваць, як і грошы за перапрацоўку нормы 500 гадзін, гледзячы на колькасць выстаўленых у судзе абаронцаў інтарэсаў агракамбіната:

– У судзе быў прадстаўніком юрысконсульт Віталій Шабан, былы супрацоўнік міліцыі, а таксама загадчык юрыдычнай кансультацыі, адвакат Таццяна Юрчінская.

Звальненне лепшага работніка агракамбіната, які меў званне Ганаровага работніка і ўзнагароджаны ордэнам Славы адбылося праз нязгоду з абвінавачваннем у крадзяжы нібы 5 літраў паліва. Сырыца звярнуўся ў суд, чым моцна раззлаваў кіраўніка і сенатара Мікалая Радамана.

Беларускае Радыё Рацыя