Вячаслаў Сырыца спрабуе аднавіцца на працы праз суд
Суд Нясвіжскага раёна Менскай вобласці не задаволіў іск былога кіроўцы агракамбіната “Сноў”, былога “Ганаровага работніка” гаспадаркі Вячаслава Сырыцы. Работнік прасіў суд узнавіць яго на працы і спагнаць сярэдні заробак за час вымушанага прагулу.
На пачатку года ён быў звольнены кіраўніком аргакамбіната, сенатарам Мікалаем Радаманам за тое, што не пагадзіўся перайсці на кантракт, што пагаршала б умовы яго працы, – кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксандр Вайцешык, да якога Сырыца звярнуўся за дапамогай:
– Наймальнік у сувязі з актыўнай пазіцыяй Сырыцы спрабаваў змяніць умовы працы і спрабаваў перавесці на кантракт. Спецыфіка нашага права такая, што перавесці на кантракт можна, згодна дэкрэта №29, калі работнік працуе па працоўнай дамове. З Сырыцам наймальнік дамову не заключаў, ён працаваў пад сумленнае слова без дакументальнага афармлення. Калі няма заключанай дамовы, то наймальнік не мае права пераводзіць работніка на кантракт.
Вячаслаў Сырыца прапрацаваў у гаспадарцы 50 гадоў без адзінай заўвагі, меў адны падзякі і ўзнагароды. За бездакорную працу быў узнагароджаны Ордэнам Славы 3 ступені.
Ён намераны абскардзіць рашэнне Нясвіжскага раённага суда ў Менскім абласным судзе.
Беларускае Радыё Рацыя