Вячаслава Сіўчыка могуць пакараць за наведванне могілак
Новую адміністрацыйную справу на старшыню Руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка, магчыма, рыхтуе гэтым разам міліцыя Старадарожскага раёну Менскай вобласці. Палітык 14 красавіка наведаў вёску Дражна гэтага раёну, дзе разам з сябрамі руху ўшанаваў памяць загінуўшых падчас Другой сусветнай вайны яе жыхароў.
Той, хто пазваніў, назваўся ўчастковым і спрабаваў распытаць Вячаслава Сіўчыка наконт яго паездкі ў Дражна.
– Усім вядома, што 14 красавіка 1943 года ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна партызаны знішчылі мірных людзей. Я лічу, што гэта ўжо нават не прававое бязмежжа, а гэта губленне ўсялікіх рэшткаў сумлення, калі ўчастковы з таго раёна, дзе кожны ведае пра злачынствы савецкіх партызан, і тое, што на могілках пахаваныя ахвяры гэтага страшнага тэрору, спрабуюць распачаць нейкую справу па ўшанаванні памяці гэтых ахвяр Другой сусветнай вайны.
Як сказаў Вячаслаў Сіўчык, грамадзянін, які назваўся ўчастковым, спрабаваў распытаць яго аб удзельніках ушанавання памяці і нават узяць іх тэлефоны. Аднак палітык адмовіўся весці размову і даваць тлумачэнні па тэлефону.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя