Вячаслава Сіўчыка могуць пакараць за акцыю пратэста больш жорстка



Мінгарсуд 11 кастрычніка разгледзіць пратэст пракурора Партызанскага раёна на рашэнне райсуда, які 28 верасня аштрафаваў палітыка Вячаслава Сіўчыка на 45 базавых велічынь (1.035 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Адміністрацыйная справа на Сіўчыка была заведзена за ўдзел 8 верасня ў акцыі супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”, якая была прымеркавана да неафіцыйнага Дня беларускай вайсковай славы.

Палітык быў аштрафаваны судом, аднак 9 кастрычніка яму паведамілі, што пракурор Партызанскага раёна падаў скаргу на пастанову суда. Справа з раённага суда сталіцы было накіраваная ў Мінгарсуд.

„Дзіўная аператыўнасць. Калі я быў апошні раз асуджаны на 15 сутак, то гарадскі суд разгледзеў маю скаргу недзе праз месяц. А тут замітусіліся. Можна будзе паглядзець, як Мінгарсуд будзе заўтра звяртаць увагу на законы”, — заявіў БелаПАН Сіўчык.

У пратэсце раённай пракуратуры адзначаецца, што суд „правільна кваліфікаваў дзеянні” палітыка, аднак пастанова аб вынясенні штрафу „падлягае адмене для даследавання пытання аб прымяненні да названай асобы адміністрацыйнага спагнання, адпаведнага цяжару ўчыненага правапарушэння”.

„Як я разумею, у сённяшніх улад пачынаецца новы этап глумлення з права. Пракурор апратэставаў рашэнне суда, якім я рэпрэсаваны за святкаванне Дня беларускай вайсковай славы на штраф у 45 базавых велічынь. Пакрыўджаны несправядлівым прыгаворам пракурор патрабуе” справядлівасці”, — заявіў раней БелаПАН палітык.

Паводле яго слоў, у пратэсце пракурор адзначыў, што Сіўчык прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці як у выглядзе штрафу, так і арышту. Пры гэтым неаднаразовае прымяненне адміністрацыйных пакаранняў „не аказала патрэбнага выхаваўчага эфекту і прафілактычнага ўздзеяння”, таму прымяненне больш мяккага пакарання „немэтазгоднае і не дазволіць у поўным аб’ёме дасягнуць мэты адміністрацыйнага пакарання”.

На думку Сіўчыка, „дата 8 верасня — гістарычная для Беларусі”. „Гэта прыклад воінскага майстэрства нашых продкаў, які выкарыстоўваўся ва ўсёй Еўропе як узор удалай тактыкі барацьбы з нашмат большымі сіламі ворага. Гэтая дата павінна святкавацца на дзяржаўным узроўні, а не выкарыстоўвацца для пакарання ўладамі палітычнай апазіцыі. Лічу спробу прыцягнення мяне да адказнасці незаконнай, якая парушае мае правы”, — заявіў ён.

belapan.by