Рух Салідарнасці “Разам” напісаў заяву “Аб узмацненні палітычных рэпрэсій у Беларусі” (абноўлена)
ЗАЯВА
Руха Салідарнасці “Разам”
“Аб узмацненні палітычных рэпрэсій у Беларусі”
Атрымаўшы фінансавую падтрымку ад Масквы, рэжым А. Лукашэнкі адразу рэзка ўзмацніў палітычныя рэпрэсіі, – як супраць беларускай апазіцыі, так і супраць усёй беларускай нацыі. Мы назіраем, што: 1. Рэзка ўзрасла колькасць аштрафаваных актывістаў апазіцыі за ўдзел у негвалтоўных мірных вулічных акцыях. Па звестках праваабарончага цэнтра “Вясна”, за сакавік адбылося 47 судоў (прычым большасць з іх – напрыканцы сакавіка). У красавіку такіх прысудаў будзе яўна больш за сто. Ва ўмовах адсутнасці незалежнага суда ў Беларусі, гэты працэс цалкам залежыць ад ілжэсведчанняў міліцыянтаў і ігнаруе агульнапрынятыя прававыя нормы. 2. Адбыліся вобшукі ў кватэрах беларускіх грамадзянаў, якія прымаюць удзел у вайсковых дзеяннях на украінскім баку на Данбасе. 3. Адбылася зачыстка фанатаў футбольных клубаў, якія не падзяляюць прарасійскую палітыку рэжыма А Лукашэнкі. Зняволеныя ў СІЗА антыфашысты Ілля Валовік, Вадзім Бойка, Зміцер Цэхановіч – ёсць толькі вяршыняй айсбергу. 4. Прысуд суда Фрунзенскага р-на г. Менска ад 12 красавіка 2016 г., які вызнаў 79-ці гадовага Александра Лапіцкага вінаватым у паклепе на прэзыдэнта, прыніжэнні гонару і годнасці пракурораў і судзей, і накіраваў яго на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне, – нагадаў аналагічныя прысуды па выкарыстанню карнай псіхіятрычнай медыцыны СССР часоў барацьбы з дысыдэнцтвам. 5. Узмацніўся ўціск на палітвязняў Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага. 6. Захады ўладаў па незаконнаму ўзбуджэнню чарговай крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага грамадзкага актывіста, былога палітвязня, аднаго з лідараў прадпрымальніцкага руху Мікалая Аўтуховіча. 7. Узмацненне ідэалагічнай вайны, якая вядзецца супраць беларускай дэмакратычнай апазіцыі, праз спробы прапагандыстаў рэжыму звязаць яе дзейнасць з расейска-украінскай вайной на Данбасе. Так, напрыклад, у перадачы БТ ад 17 красавіка мірная, негвалтоўная акцыя Руха Салідарнасці “Разам” на Дзень Волі ў Кіеве была безпадстаўна пададзена ў якасці нейкіх экстрэмісцкіх дзеянняў, якія нясуць пагрозу і звязаны з вайной на Данбасе. Рух Салідарнасці “Разам” адзначае, што ўзмацненне рэпрэсіяў адбываецца на фоне безадказных заяваў дзяржаўных дзеячоў краін заходняй дэмакратыі аб наданні карт-бланшу рэжыму А. Лукашэнкі. Рух Салідарнасці “Разам” звяртае ўвагу, што пад палітычныя рэпрэсіі падпадаюць зараз толькі прадстаўнікі антыімперскіх, антыпуцінскіх сілаў у Беларусі. Патрабуючы спынення палітычных рэпрэсій, Рух Салідарнасці “Разам” звяртаецца да беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці з просьбай падтрымаць канкрэтныя патрабаванні: А) Спыненне ганебнай практыкі адміністрацыйных судоў над актывістамі апазіцыі за ўдзел і арганізацыю мірных вулічных негвалтоўных акцый, адмена ранейшых рашэнняў адміністрацыйных судоў і скасаванне ўжо вынесеных штрафаў. Прывядзенне заканадаўства Рэспублікі Беларусь, рэгулюючага правядзенне негвалтоўных вулічных акцый, у адпаведнасць з міжнароднымі пагадненнямі, ратыфікаванымі нашай краінай. Адраджэнне інстытута незалежнай адвакатуры, незаконна знішчанай рэжымам Лукашэнкі ў 1998 годзе. Прыцягненне, згодна з беларускім заканадаўствам, да адказнасці ілжэсведкаў – міліцыянтаў. Прыняцце міжнароднай праграмы, мэта якой – каб грамадзяне Рэспублікі Беларусь траплялі пад юрысдыкцыю Страсбургскага суда па правах чалавека. Б) Правядзенне перамоваў паміж рэжымам А. Лукашэнкі і Прэзыдэнтам і Урадам Украіны наконт легалізацыі беларускіх грамадзянаў, якія ваявалі на украінскім баку, і прыцягненне да адказнасці грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія ваявалі з Украінай. В) Неадкладнае вызваленне прадстаўнікоў фанатскай супольнасці, а, у прыватнасці, Іллі Валовіка, Вадзіма Бойкі, Зміцера Цэхановіча, бо, ва ўмовах іх ізаляцыі ад грамадства, немагчыма аніякая прававая ацэнка крымінальных справаў, ўзбуджаных супраць іх. Г) Спыненне ўсіх палітычна матываваных крымінальных справаў, пра якія ведае беларускае грамадства, з прававой рэабілітацыяй усіх асуджаных ці затрыманых грамадзян Рэспублікі Беларусь. А канкрэтна – недкладнага вызвалення Андрэя Бандарэнкі, Міхаіла Жамчужнага, і адмена ганебнага прысуда ў адносінах да Аляксандра Лапіцкага. Д) Спыненне ціску ўладаў на студэнтаў, якія праз вулічныя акцыі намагаюцца адстойваць свае правы. Рэжым Александра Лукашэнкі нахабна дэманструе не толькі нежаданне ісці на агульнанацыянальны дыялог і на кампрамісы з апазіцыяй, але і паслядоўна, толькі ў інтарэсах Крамля, пазбаўляе беларускую нацыю ўсіх правоў і свабодаў. Беларусы не маюць права і магчымасці прыстойна выжыць ва ўмовах крызіса, які ахапіў усю постсавецкую прастору. Пры гэтым ніякіх планаў, акрамя захавання ўлады, у Аляксандра Лукашэнкі няма. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца развязаны ўладай сапраўдны генацыд супраць індывідуальных прадпрымальнікаў. Рух Салідарнасці “Разам” заклікае прадухіліць жахлівыя падзеі ў Беларусі, дзе больш 80% грамадзян – беларусы, і няма аніякіх падстаў для развязвання ў нашай краіне вайны. Нагадваем, што Беларусь ужо была палігонам, бо адсутнасць адэкватнай рэакцыі дэмакратычнага Захада на ўсталяванне ў Беларусі прамаскоўскай дыктатуры А Лукашэнкі прывяло да магчымасці Уладзіміру Пуціну сцвярджаць права сілы замест сілы права. Нельга паўтараць памылкі. Адсутнасць адэкватнай рэакцыі на ўзмацненне палітычных рэпрэсій у Беларусі можа не толькі справакаваць прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі да ўзмацнення палітычных рэпрэсій, але і безпадстаўна дапамагчы планам Пуціна пераўтварыць Беларусь у новы Данбас.
Будзьма разам! Будзьма пільнымі! Не – вайне! Не – палітычным рэпрэсіям!
Жыве Беларусь!
Старшыня Руха Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык. 20.04.2016 г. г. Менск.
* * *
Міліцыянты не змаглі патлумачыць у судзе, чаму затрымалі Вячаслава Сіўчыка сярод ночы ў пад’ездзе ўласнага дому, сарвалі вопратку, збілі і закавалі ў кайданкі. Суддзя Наталля Вайцяховіч вырашыла адправіць пратаколы аб правапарушэннях у РУУС Цэнтральнага раёну на дапрацоўку ў сувязі з фактычнай неадпаведнасцю. Як паведамлялася, у суд Цэнтральнага раёну Менску палітыка прывезлі са спазненнем на 4 гадзіны.
— Справа проста адкладзена. Суддзю абсалютна не хвалявала сутнасць справы, яна проста звярнула ўвагу на тое, на што павінна была звярнуць увагу адразу, бо хадайніцтва адвакатаа паступіла адразу ж, як толькі ён стаў удзельнікам працэсу. Ён адразу прапанаваў ёй гэтае выйсце, але яна адхілілі ягонае хадайніцтва і правялі працэс невядома дзеля чаго.
Па меркаванні Вячаслава Сіўчыка, пасля выпраўлення памылак у пратаколах справу будуць разглядзяць паўторна.
* * *
Актывіста апазіцыі і лідара руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка даставілі ў суд Цэнтральнага раёна Менска, дзе пачаўся разгляд яго адміністрацыйнай справы. Палітык быў затрыманы міліцыяй у тры гадзіны ночы 19 красавіка. Яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (арт. 17.1 і 23.4 КоАП).
Перад пачаткам суда Сіўчык паведаміў, што ўначы вяртаўся дадому, аднак супрацоўнікі міліцыі сілай выцягнулі яго ўжо з пад`езда і завезлі ў Цэнтральны РУУС.
„Я быў без акуляраў, а таму не меў нават тэарэтычных магчымасцяў падпісаць пратаколы. Ніхто мяне не апытваў, нічога не казаў. Адзінае, чамусьці афіцэры казалі, што „ўладу мне не аддадуць”, — зазначыў ён.
Сіўчык прасядзеў у камеры да 14 гадзін, пасля чаго яго павезлі ў суд. „Зразумець, навошта я там знаходзіўся столькі часу, не магу”, — сказаў ён. На здароўе палітык не скардзіцца: „Здароўе добрае. Клапы пакусалі, проста яны буйныя трапіліся”.
Праваабаронцы ўжо выказалі занепакоенасць працэдурай затрымання Сіўчыка. „Апошнім часам супрацоўнікі міліцыі актывістаў не затрымлівалі: пратаколы складаліся на месцы, у міліцыі затрымлівалі максімум на гадзіну, — адзначыла Анастасія Лойка. — Сіўчык ж у РУУС знаходзіўся працяглы час, затрымалі яго ноччу, для Мінска за апошнія паўгода гэта неардынарны выпадак”.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, апошні раз актывістаў затрымлівалі з прымяненнем фізічнай сілы ў студзені гэтага года. Гэта быў нашумелы выпадак са збіццём моладзевых актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка, а таксама журналіста Паўла Дабравольскага ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска.
Фота: Радыё Свабода
***
Палітыкі ды грамадскія дзеячы каментуюць начное гвалтоўнае затрыманне міліцыяй палітыка Вячаслава Сіўчыка. На яго, папярэдне жорстка збіўшы, склалі пратаколы “за хуліганства” ды “непадпарадкаванне міліцыі”.
Сітуацыю каментуе палітык, былы палітвязень Мікола Статкевіч:
– Закладнікаў выпусцілі – патрабуюць грошы. Грошы не далі – значыць, паказваюць, што можа быць і так. Але я не веру, што гэта сур’ёзная змена курсу, таму што мяняць яго ўжо няма куды. Трэба кланяцца і прасіць грошы. А калі так, то на ўсялякі выпадак паказалі – а можа падзейнічае. Думаю, што хутчэй за ўсё проста падпільнавалі. Паглядзелі, чалавек позна ідзе. Вылічылі – ёсць мажлівасць, узялі і прыхапілі. Каб толькі не загуляўся, бо могуць яго і паслаць – тады застанецца сам насам з Пуціным.
* * *
19 красавіка каля 3 гадзін ночы ў пад’ездзе дома супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста апазіцыі і лідара руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка.
Ля Цэнтральнага суда Менска ўсё яшчэ чакаюць пачатку судовага працэсу над затрыманым міліцыяй палітыкам Вячаславам Сіўчыкам. Сабраліся яго родныя ды паплечнікі, а таксама журналісты незалежных СМІ. Сіўчыка ў суд дагэтуль не прывезлі. Хоць пачатак працэсу быў прызначаны на 11:00 па менскім часе. Пра падрабязнасці затрымання апавядае маці – спадарыня Галіна Сіўчык.
– Мне ў 3:20 патэлефанавала Ганна. Я чула крыкі, гэта яна крычала: “Чаму вы яго б’яце?” Адзінае, на што ўгаварылі, – гэта даць куртку. Адзежа была раскідана па пад’ездзе. Яго ўвесь час валілі на падлогу і білі нагамі, як у маладосці было. У яго ж 3 сатрасенні было. Я думала, што ўсё гэта скончылася, але бачыце… Не ведаю, чаму так адбываецца. Ці гэта з той прычыны, што МВФ не даў крэдыту. Непакоіць, што ж будзе далей.
Вячаслава Сіўчыка гвалтоўна затрымалі а 3-яй гадзіне ночы, моцна збілі ды склалі пратаколы “за хуліганства” ды “непадпарадкаванне міліцыі”.
* * *
У Цэнтральны суд Менска на абвешчаны на 11.00 працэс над Вячаславам Сіўчыкам яго самога не прывезлі. Палітыка гвалтоўна затрымалі а 3-яй гадзіне ночы ды склалі пратаколы “за хуліганства” ды “непадпарадкаванне міліцыі”. Сітуацыю каментуе сустаршыня аргкамітэтуа Партыі БХД Павел Севярынец.
– Я не веру ў ніякія так званыя афіцыйныя версіі, якія дае наша міліцыя ў сваіх справаздачах. Гэта практычна заведама хлусня, калі яно ў дачыненні да апанентаў рэжыму. Таму, хутчэй за ўсё, гэта была падрыхтаваная аперацыя. Чаму яго не прывезлі ў вызначаны для судовага працэсу час – я магу толькі здагадвацца. Зараз ідуць перазвоны паміж міліцэйскім начальствам і МЗС. Бо чырвоная лінія для еўрапейцаў – гэта гвалт у дачыненні да апазіцыі. А ён меў месца ўчора ўночы.
Ля Цэнтральнага суда Менска пачатку судовага працэсу чакаюць родныя ды паплечнікі Вячаслава Сіўчыка, а таксама журналісты незалежных СМІ.
* * *
Па словах ягонай маці спадарыні Галіны, яго доўга пільнавалі, а калі затрымалі – пачалі моцна збіваць.
Сіўчык паспеў датэлефанавацца да жонкі, якая спусцілася з кватэры ў пад’езд. Аднак яе груба адштурхнулі і паведамілі, што муж нібыта брыдкасловіў.
Вядома, што актывіста трымаюць зараз у РУУСе Цэнтральнага раёна Менска. Фактычную прычыну затрымання Сіўчыка спрабуюць высветліць праваабаронцы.
Стала вядома, што лідара руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка вінавацяць у дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП) і непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4. КаАП). Разгляд адміністрацыйных спраў актывіста адбудзецца сёння ў Цэнтральным судзе Менска. Пачатак у 11-00.
Наста Лойка з “Вясны” расказала, што ўжо вядома праваабаронцам у гэтай справе:
– На яго склалі два пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне, і з 11-й недзе ён будзе ў судзе Цэнтральнага раёна чакаць судовага разгляду. Гэта вельмі дзіўная сітуацыя, што мы назіраем апошнім часам, бо супрацоўнікі баяліся нават блізка да актывістаў падыходзіць. Калі нядаўна Вячаслава Касінерава затрымлівалі за тое, што ён вывешваў расцяжку, на яго на месцы склалі пратакол цягам гадзіны, і фізічна нават баяліся яго прывезці ў РАУС, а тут такое нахабнае затрыманне ўночы. Маці сцвярджае, што яго чакалі працяглы час, гэта кажа пра тое, што нешта пачынае мяняцца.
Апошні раз актывістаў у Беларусі з прымяненнем фізічнай сілы затрымлівалі некалькі месяцаў назад, калі Павел Сяргей і Максім Шыцік у зале суда ў час разгляду “справы графіцістаў” разгарнулі расцяжку, на якой было напісана “Мастацтва – не злачынства”. Тады ж быў моцна збіты і журналіст Павел Дабравольскі.