Вячаславу Салодкаму з Баранавічаў далі год калоніі за „абразу” Лукашэнкі
Стаў вядомы прысуд жыхару Баранавічаў Вячаславу Салодкаму, абвінавачанаму ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі. Справу разглядала суддзя Аксана Літвінчык, піша „Вясна”.
Паводле матэрыялаў следства, Вячаслава абвінавацілі ў тым, што ён, нібыта ў нецвярозым стане, у прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі „выказваў фразы, якія зневажаюць гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі”.
Запісы з відэарэгістратараў міліцыянтаў пазней выкарыстоўваліся ў судзе як доказы вінаватасці Салодкага. Якімі менавіта словамі выказваўся Вячаслаў, не ўдакладняецца.
„Берасцейская вясна” знайшла пастанову Баранавіцкага суда на Вячаслава Салодкага ад 9 сакавіка. У адміністрацыйным пратаколе было напісана, што „нецвярозы Салодкі нібыта паводзіў сябе задзірліва, размахваў рукамі, крычаў, чым наўмысна парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзян”, чым здзейсніў дробнае хуліганства.
Суддзя Мікалай Кміта прысудзіў за гэта 12 сутак адміністрацыйнага арышту. За выказванні непахвальных слоў пра Лукашэнку суддзя Літвінчык прызначыла Салодкаму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год калоніі агульнага рэжыму.