«Вячэрні Брэст» адмовіўся друкаваць праграму кандыдата ў дэпутаты



Кандыдат па Берасцейскай-Памежнай выбарчай акрузе нумар чатыры Ігар Маслоўскі атрымаў адмову ад газеты «Вячэрні Брэст» на просьбу надрукаваць ягоную перадвыбарчую праграму. Рэдакцыя патлумачыла, што тэкст можа быць надрукаваны толькі пасля пэўнай карэкцыі:

— У рэдакцыю газеты «Вячэрні Брэст» мая давераная асоба Святалана Валісюк занесла маю перадвыбарчую праграму для друку. Выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара «Вячэрняга Брэста» адмовілася ўзяць нашу праграму. Спачатку сказала: я зусім нічога браць не буду, але па патрабаванні даверанай асобы яна вымушана была скласці адпаведны ліст, дзе падпісалася, на бланку «Вячэрняга Брэста», што нам яна адмаўляе.

Рэдактарка палічыла, што некаторыя выказванні гэта абраза на адрас розных прафесій. Актывістам прапанавалі змяніць некаторыя фармулёўкі ў праграме. Ігар Маслоўскі кажа, што палітыкі нічога мяняць не будуць, бо гэта іх прынцыповая пазіцыя. І дадае, што актывісты маюць права на крытыку ў адносінах да праўладных кандыдатаў і хочуць яе надрукаваць у дзяржаўных газетах.

Беларускае Радыё Рацыя