Вячку Целешу 80 гадоў!



25 верасня свой 80-ы юбілей сустракае Вячка Целеш, вядомы беларускі мастак, які шмат гадоў жыве ў Латвіі.

Вячка Целеш нарадзіўся ў 1938 годзе ў Красным Сяле на Ваўкавышчыне. У 1961 годзе навучаўся ў мастацкай вучэльні. У 1961—1964 служыў ў Савецкім войску ў Вільні. У час службы працягваў наведваць мастацкую студыю Палацу Чыгуначнікаў. У 1975 скончыў жывапісна-педагагічнае аддзяленне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў імя Тэадора Залькална. 

Удзельнічаў у больш чым 100 выставах. На яго карцінах выяўленыя славутыя дзеячя беларускай і латышскай гісторыі: Францішак Скарына, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч, Янка Купала, Яніс Райніс. Целеш стварыў таксама серыю экслібрысаў выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры — Зоські Верас, Уладзіміра Караткевіча, Адама Мальдзіса. 

Яго карціны маюцца ў музеях і прыватных зборах Беларусі, Даніі, ЗША, Ізраілю, Канады, Кітаю, Латвіі, Партугаліі, Расеі, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Швайцарыі ды іншых краін. 

Вячка Целеш актыўны ўдзельнік з’ездаў Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына”, канферэнцый і з’ездаў беларусаў Балтыі.

 Вячка Целеш атрымлівае памятны знак на юбілейным з’ездзе „Бацькаўшчыны”, 2013 год.

У 2006 годзе ўганараваны найвышэйшай узнагародай Латвіі – Ордэнам Трох Зорак. Стваральнік і старшыня латвійскай суполкі аб’яднання мастакоў „Маю гонар”, актыўны ўдзельнік Таварыства Беларускай Культуры «Світанак».

Падрыхтаваў і выдаў унікальныя кнігі: «Гарады Беларусі на старых паштоўках», «Менск на старых паштоўках», «Рыга на старых паштоўках».

Рэдакцыя Беларускага Радыё Рацыя шчыра зычыць юбіляру доўгіх гадоў жыцця і далейшага творчага плёну!

Беларускае Радыё Рацыя