Вядома ўжо пра больш як 40 НДА, што ліквідуюцца ўладамі
Па стане на 13.00 вядома ўжо пра больш як 40 няўрадавых арганізацый, у дачыненні да якіх улады прынялі рашэнне пра ліквідацыю.
Спіс апублікаваны ў тэлеграм-канале „Вясна/Правы чалавека ў Беларусі”:
— асветніцкая ўстанова „Цэнтр прававой трансфармацыі”;
— асветніцкая ўстанова „Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі” ;
— праваабарончая арганізацыя Human Constanta (установа „Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве „Х’юман канстанта”);
— Цэнтр экалагічных рашэнняў;
— цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі „Жывая бібліятэка”;
— дабрачынны праект „Імёны”;
— установа „Офіс дапамогі і падтрымкі занятасці моладзі „ЮларКансалт” (Youth Labor Rights);
— Еўрапейскі моладзевы парламент (European Youth Parliament Belarus);
— культурна-асветніцкая ўстанова „Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб”;
— інфармацыйна-культурны цэнтр „ІніцыАрт”;
— сацыяльна-інфармацыйная ўстанова „ТаймАкт”;
— Нацыянальны моладзевы савет „РАДА”;
— Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
— цэнтр даследаванняў і прагнозаў развіцця „Еўрапейскі дыялог” (дырэктар — былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — БелаПАН.);
— прыватная асветніцкая ўстанова „Офіс прасоўвання ініцыятыў”;
— культурна-асветніцкі праект „Арт Сядзіба”;
— Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ;
— цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў „Прастора”;
— Майстэрня сацыяльнага кіно;
— сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры „Мова нанова”;
— Бізнес-школа ІПМ;
— установа „Гарадское развіццё” (займалася тэмай здароўя мужчын у Беларусі. — БелаПАН.);
— установа „Тэрыторыя правоў”;
— кансультацыйна-асветніцкая ўстанова па ахове прыроды „Экаасяроддзе”;
— асветніцкая ўстанова „Сацыяльныя інтэрвенцыі”;
— рэгіянальны цэнтр экспертызы „Экадэмія”;
— культурна-асветніцкая ўстанова „Садзейнічанне культурнаму развіццю гарадоў”;
— культурна-асветніцкая ўстанова „Крэсы”;
— культурна-асветніцкая ўстанова па працы з насельніцтвам і самаразвіцці „Агульная будучыня”;
— інфармацыйна-асветніцкая ўстанова „Пенсійны выпадак”;
— цэнтр сацыяльнай дапамогі і падтрымкі груп рызыкі „Стымул да поспеху”;
— прыватная інфармацыйна-асветніцкая ўстанова „Ноктуам”;
— прыватная культурна-асветніцкая ўстанова „Веданта вада”;
— Магілёўскі моладзевы цэнтр;
— сацыяльна-асветніцкая ўстанова ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны „УНОВІС-ФОРУМ”;
— прыватная культурна-асветніцкая ўстанова „Гендарны адказ”;
— праваабаронча-асветніцкая ўстанова „Ваколіца”;
— прыватная культурна-асветніцкая ўстанова „Лідар новай эпохі”;
— цэнтр аматараў жывёл „ЛАВБРЫЛ”;
— культурна-асветніцкая ўстанова „АСЕТ”.
Раней Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд іскі аб ліквідацыі РГА „Беларускі ПЭН-цэнтр”, якое ўзначальвае нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч, і ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, а таксама іск аб прыпыненні дзейнасці руху „За Свабоду”.
14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах падчас новай хвалі крымінальнага пераследу „трэцяга сектара” было праведзена не менш за 30 вобшукаў у кватэрах і офісах прадстаўнікоў НДА, затрымана больш за 10 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, грамадскія актывісты.
19 ліпеня стала вядома пра арышт рахункаў Беларускага ПЭН-цэнтра і некаторых іншых НДА, у якіх прайшлі вобшукі.
13 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу заявіў, што ў Беларусі вядзецца актыўная праца ў дачыненні да некамерцыйных арганізацый і „так званых заходніх СМІ”. „Якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна ўкаранялі, — дадаў ён. — І не дэмакратыю, а вось гэты вось тэрор. Вы павінны разумець, што мы проста не можам інакш. Чым яны займаліся, зразумела, яны фінансаваліся звонку. А мы ўсё думалі: ну, ладна, гэта ж дэмакратыя, давайце будзем размаўляць, супрацоўнічаць. Вось і атрымалі адпаведныя вынікі”.
Да гэтай тэмы Лукашэнка вярнуўся 22 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў. „Мы часта кажам: ах, глядзіце, за мяжой канстытуцыя такая, яшчэ чагосьці. Вось нам трэба абавязкова ў гэтую „дэмакратыю” бегчы і абавязкова ў гэтым кірунку рухацца. Потым праходзяць гады (я ж не першы год прэзідэнт), і выяўляецца, што мы дарма зрабілі гэтыя крокі, — сказаў ён. —Так і ўрад, і МЗС пабеглі па „дэмакратыю” і настваралі ў нас (няхай Макей зноў не ўспрыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад дзве тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі? Цяпер азірнуліся: гэта ж шкода для дзяржавы! Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта лёгка? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі”.