Праваабаронцы патрабуюць спыніць умяшанне ў дзейнасць адвакатуры (абноўлена)



Беларускія праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі спыніць умяшанне дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатуры. Яны патрабуюць адмяніць рашэнне аб пазбаўленні ліцэнзіі адвакаткі Ганны Бахціной. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, якую падпісалі 11 праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя.

Менскую гарадскую калегію адвакатаў яны просяць не прымаць рашэнне аб адлічэнні Ганны Бахціной са складу калегіі. У заяве адзначаецца, што Міністэрства юстыцыі Беларусі праводзіла праверку шэрагу адвакатаў Менскай гарадской і Магілёўскай абласной калегіяў адвакатаў.

Па яе выніках была прызначаная пазачарговая атэстацыя, у тым ліку не менш як 21 асобы з Менскай гарадской калегіі адвакатаў.

* * *

Вядомая ў Беларусі адвакатка Ганна Бахціна — абаронца аднаго з фігурантаў рэзананснай справы „Белага легіёну” Міраслава Лазоўскага — прызнаная „недастаткова кваліфікаванай”. Такое рашэнне прынята кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі падчас нечарговай атэстацыі адвакатаў 12 верасня.

Як паведаміла Ганна Бахціна БелаПАН, на падставе гэтага рашэння ёй пагражае выключэнне з Менскай гарадской калегіі адвакатаў. „Камісія прыйшла да высновы, што я „не адпавядаю пасадзе адваката і не магу займацца адвакацкай дзейнасцю з-за недастатковай прафесійнай кваліфікацыі”. Прытым што ў мяне 13 гадоў пракурорскага стажу і 25 гадоў — адвакацкага”, — дадала яна.

Фармальнай падставай для такога рашэння, паводле слоў Бахціной, стала тое, што яна складала дамовы па формах, узоры якіх крыху адрозніваліся ад рэкамендаваных, а не прызнаных абавязковымі Мінюстам. Акрамя таго, гаворка ідзе нават пра граматычныя памылкі ў дакументах, паведаміла Бахціна. „Вядома, я гэта так не пакіну, але на гэта патрэбны час”, — заявіла яна.

Рашэнне камісіі Мінюста адвакатка лічыць палітычна матываванай „замовай пэўных ведамстваў”, звязанай з тым, што яна абараняла блогера Эдуарда Пальчыса і фігуранта справы „Белага легіёну” Міраслава Лазоўскага.

Адвакатка паведаміла, што не згодна з рашэннем камісіі і не стала яго падпісваць. „Фактычна гэта пазбаўленне ліцэнзіі, гэта сапраўды зневажальна. Рашэнне будзе перададзена ў Менскую гарадскую калегію адвакатаў, і мяне звольняць як асобу, якая не адпавядае прафесійнай кваліфікацыі”, — мяркуе Бахціна.

Паводле інфармацыі грамадскай актывісткі Ніны Шыдлоўскай, па выніках нечарговай атэстацыі такія рашэнні могуць быць прыняты і ў дачыненні да іншых адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы „Белага легіёну”.

Як паведамлялася раней, 6 верасня беларускія праваабаронцы накіравалі спецдакладчыку ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Моніцы Пінта зварот, у якім прасілі ўмяшацца ў сітуацыю з націскам на адвакатаў у Беларусі. Яны выказвалі занепакоенасць запланаванай на 12 верасня нечарговай атэстацыяй адвакатаў, якая праводзіцца па выніках праверак Міністэрства юстыцыі.

Паводле звестак праваабаронцаў, атэстацыя закране 25 адвакатаў: 23 — у Менску і двух — у Магілёве. Акрамя таго, каля 60 адвакатаў чакае чарговая пераатэстацыя, якая праводзіцца раз у пяць гадоў. З іх восем чалавек будуць праходзіць пераатэстацыю ў кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі, а не ў тэрытарыяльных калегіях адвакатаў.