Вядомыя палітвязні ўжо 8 месяцаў знаходзяцца ў ПКТ



Шэраг публічна вядомых беларускіх палітычных зняволеных ужо 8 месяцаў знаходзяцца ў ПКТ. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, іх ізаляцыя можа працягнуцца да канца году. Да прыкладу, Апошні ліст ад Мікалая Статкевіча прыйшоў 9 лютага, ад Ігара Лосіка — 20 лютага. У так званым рэжыме «інамунікада» (пазбаўлення сувязі са знешнім светам) знаходзяцца многія знакавыя палітвязні менавіта з канца лютага, інфармуе „Свабода”.

Паводле дасведчанай крыніцы, такое распараджэнне прыйшло з Дэпартаменту выканання пакаранняў. У сакавіку прынамсі Ігара Лосіка, Міколу Статкевіча і Максіма Знака пакаралі і змясцілі ў памяшканні камернага тыпу. Паводле заканадаўства, утрымліваць чалавека ў ПКТ можна максымум 6 месяцаў. Потым яго павінны вярнуць у атрад калоніі да іншых вязняў. Але інфармацыі пра вяртанне Лосіка і Статкевіча ў атрады няма, лісты сваякам ад іх па-ранейшаму не прыходзяць.

Пазней стала вядома, што Марыю Калеснікаву таксама змясцілі ў адзіночную камеру ПКТ Гомельскай калоніі, яна там прабудзе да канца году. У ліпені адразу некалькі крыніц, у тым ліку сваякі Віктара Бабарыкі, якія трапілі на прыём да начальніка калоніі, і аб’яднанне былых сілавікоў BelPol, паведамілі, што палітвязень змешчаны ў ПКТ. Паводле абазнанай крыніцы, у кастрычніку Віктар Бабарыка знаходзіўся ў адзіночцы. Але інфармацыя з турмаў можа даходзіць са спазненнем. Адвакатаў у вядомых палітвязьняў цяпер няма — усіх пазбавілі ліцэнзій. Таму ніякай сувязі з імі таксама няма.