Штраф для вядучай “Спеўнага сходу” за ўдзел у “несанкцыянаваным шэсці”



Віцяблянку Марысю Булатоўскую аштрафаваў на 4 базавыя велічыні суд Чыгуначнага раёна.

Яна спрабавала абскардзіць гэтае рашэнне ў Віцебскім абласным судзе, аднак суддзя Дзяніс Губанаў пакінуў прысуд без зменаў. Паводле міліцэйскага пратакола, Марыся Булатоўская ўзяла актыўны ўдзел у вулічным шэсці і скандавала лозунгі. Аднак дзяўчына цвердзіць, што 23-га верасня, у дзень “патаемнай” інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, проста стаяла сярод людзей і моўчкі малілася за Беларусь і яе жыхароў:

– Я выходзіла ў горад, каб падтрымаць людзей сваёй малітвай. Людзі выйшлі паказаць, што яны не хочуць быць падманутымі на дзяржаўным узроўні. Я лічу, што, калі ты маеш сумленне, калі ты верыш у Бога, ты мусіш актыўна сцвярджаць сваю пазіцыю. Паказваць, што ты не на баку зла, не на баку гэтага гвалту.

Марыся Булатоўская – вядучая “спеўнага сходу” ў Віцебску, стваральніца студыі інклюзіўных танцаў на інвалідных вазках і верніца мясцовай грэка-каталіцкай парафіі. Яна пэўная, што шчырая супольная малітва мае вялікую сілу. І мае прапанову, каб арганізаваць у Віцебску  шпацыр ружанцовы – на ўзор таго, як гэта робіцца ў Менску, калі вернікі-каталікі йдуць ад касцёла да касцёла… Дзяўчына нават гатовая падаць адпаведную заяўку ў гарвыканкам, але не ўпэўнена, што будзе атрыманы дазвол: за апошнія 12 гадоў віцебскія  ўлады  ніводнага разу не задаволілі заяўкі грамадзянаў на любога кшталту вулічныя масавыя мерапрыемствы.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск