Вядзецца набор у гурток беларускай мовы для дзяцей у Гомелі
Гомельскае „Таварыства беларускай мовы” абвяшчае набор на доўгачаканы трэці сезон гуртка „Мова дзяцей”.
Дзеці ў гульнявой форме будуць атрымліваць веды па гісторыі, мове і культуры Беларусі, размаўляць пра людзей і ўвесь свет. Заняткі бясплатныя і будуць праходзіць у Цэнтры беларускай мовы (вул. Працоўная, 7а, кабінет 14).
Каардынатар гуртка, прафесійны выкладчык, старшыня Гомельскага ТБМ Алеся Аўласевіч:
Задача нашай каманды не навучыць мове, але вучыць на мове. Усе заняткі праводзяцца нефармальна, у натуральным асяроддзі з удзелам носьбітаў мовы. З малодшымі групамі мы клеім, лепім, вучым словы, запамінаем іх з дапамогай гульняў, размалёўваем і знаёмімся з беларускай мовай. Малодшыя школьнікі вучаць лексіку па тэмах, размаўляюць па-беларуску. Старэйшая група ў дадатак вывучае гісторыю Беларусі, знаёміцца з сучаснай культурай. Нашая галоўная мэта, каб дзеці заставаліся дзецьмі, не баяліся выказваць сваё меркаванне і ўспрымалі мову па-за межамі лапцей, сялян і адвечнай падручнікавай гароты.
У планах гуртка адкрытыя заняткі на розныя тэмы, фестываль беларускамоўнай адукацыі, спевы, відэа-ролікі з удзелам дзетак і іншыя цікавосткі.
Гурток паспяхова правёў два сезоны заняткаў, якія наведалі больш за 120 дзяцей рознага ўзросту. Працавалі тры групы ад 4 да 14 гадоў.
Каб вашае дзіця патрапіла на „Мову дзяцей”, трэба запоўніць анкету. З адабраных ўдзельнікаў будуць створаныя групы рознага ўзросту. Заняткі плануюцца, як на выходныя, так і буднія дні. Узровень валодання мовай значэння не мае.
Тэлефон для даведак +375299089162 (Алеся).