Вялікаму беларускаму энцыклапедысту споўнілася б 80



29 кастрычніка пісьменніку, літаратуразнаўцу, крытыку, бібліёграфу, фалькларысту, энцыклапедысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янку Саламевічу (1938- 2012) споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння.

Так хочацца шчыра павіншаваць спадара Янку з сённяшнім юбілеем і пажадаць яму доўга-доўга пажыць на беларускай зямлі, каб ён паспеў яшчэ выдаць не толькі ў двух тамах слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў, але і шмат іншых цікавых кніг. Бо ён быў для Беларусі — вялікім  энцыклапедыстам, роўнага яму якога ў нас больш няма. Але такой мажлівасці ўжо ніколі не будзе, бо яго не стала летам 2012 года. Я шмат гадоў з Янкам Саламевічам сябраваў і не мог наталіцца ягонымі ведамі, аповедамі пра нашу Беларусь, яе гісторыю, літаратуру, выданні і, вядома ж, людзей. З ім гутарыць можна было бясконца. З ім цікава было бываць на розных мерапрыемствам, фэстах, вяселлях, сустрэчах. Ён мог так развесяліць грамаду, што людзі проста “рвалі” жываты ад смеху, бо выдатна ведаў беларускі гумар, фальклор. Ён умеў прыкмеціць і запомніць нейкае добрае слоўца, выраз, прымаўку. А пра землякоў сваіх з вёскі Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне, ён мог распавядаць бясконца. 

Янка Саламевіч часта прыгадваў сваіх бацькоў, іх крылатыя выразы, прымаўкі, слоўцы. Прывяду некалькі прыкладаў. Бацька пра маму, якая пачынала драмаць перад тэлевізарам і клявала носам, казаў: “О, ужэ жыдоў возіць!”. А пра сучасную моладзь яго бацька казаў: “Вянец пад плотам, а вяселё потым”. А мама загадвала малым такую загадку: “Суну-пасуну, Трахім смяецца”. Ніхто з дзяцей не адгадваў. Потым яна тлумачыла: “Месяц відзён, калі адсунуць юшку ў коміне!”. Ён заўсёды памятаў розныя вясковыя кракоцкія выразы і тыя, якія яму казалі бацькі: зняхаліся (г. зн. злюбіліся), спадніца тоўста, як падруба; далікатны, як панскі цюцька; вада халодная, аж у зубы заходзіць; ідзе, як назаўтра; пляце смалянога дуба (гаворыць абы- што); ужэ налавіў рыбы (нацубарыў у пасцель) і г.д.

Янка Саламевіч у свой час скончыў  Белдзяржуніверсітэт, абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1968 года працаваў у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя”, спачатку старэйшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў, вядучым рэдактарам, вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі.

У 1972 годзе з друку выйшла яго манаграфія “Міхал Федароўскі”, прысвечаная чалавеку, які выяўляў мастацкія здабыткі беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам.У кнізе ён разгледзеў і прааналізаваў жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звяртаючы ўвагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта рабілася дасюль польскімі вучонымі, але і на казкі, прыказкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты. 

Потым з друку выйшаў першы ў Беларусі “Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў. XVI-XX стагоддзяў”. Ён хацеў яго дапоўніць і выпусціць слоўнік з друку ў двух тамах. Потым былі іншыя кнігі, якія ён напісаў, склаў, падрыхтаваў. Тысячы яго артыкулаў змешчаныя ў розных беларускіх энцыклапедыях, даведніках, календарах. Янка Саламевіч напачатку 1980-х гадоў вёў на беларускім тэлебачанні цудоўную перадачу “Роднае слова” і шмат чаго іншага зрабіў гэта таленавіты чалавек.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара