Вялікая айчынная вайна як кропка адліку
Я адразу хачу сказаць, што ў ніякім выпадку не падважаю ні гады вайны, ні гераізм і ахвярнасць шматлікіх яе ўдзельнікаў, ні паднялася б ніколі рука падважыць жыцці мільёнаў загінулых і закатаваных.
Але сапраўдная гісторыя захоўвае памяць пра іншую вайну. Не тую, якая жыве ў свядомасці беларускіх чыноўнікаў, не тую, якая квітнее на “лукашэнкаўскіх” парадах і псеўдапрабегах “На Берлін”. Я вось пра што. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, якую смела можам называць “палаткай”, і кіраўнік Федэрацыі хакея Гомельскай вобласці Віталі Уткін у эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТБ абвінаваціў спонсараў адмененага ў Менску чэмпіянату свету па хакеі ў помсце. Працытую: “Можа выйсці абсалютна на іншыя ўзроўні палітычнага плану і проста сказаць, што гэта помста нам, нашчадкам пераможцаў Другой сусветнай вайны, за тое, што нашы дзяды сцяг паднялі над Рэйхстагам” – выказаў меркаванне дэпутат. І на гэтым не спыніўся ды пачаў разважаць пра логіку палітычных рухаў. Тут зноў мушу працытаваць, бо перадаць сваімі словамі гэта складана: “Возьмем Skoda. Падчас вайны, мы ведаем, што яны як рамантавалі тэхніку нямецка-фашысцкіх захопнікаў, так і выпускалі лёгкія танкі. І 200 танкаў былі пастаўлены ў шэрагі нямецкага войска, якое ваявала супраць беларускага народа…”. Акрамя Skoda, дэпутат прыгадаў і пра грахі кампаніі Nivea – маўляў, зубныя шчоткі, мыла, прадметы асабістай гігіены таксама пастаўляліся для вермахту. Што ж, вельмі глыбокія гістарычныя веды ў дэпутата. Мяне, канешне, заўсёды здзіўляюць адсылкі да Другой сусветнай вайны, а дакладней Вялікай айчыннай, збольшага не да месца. Але гэта пераўзыйшло і маё здзіўленне. Уявіце сабе, чалавек у 2021 годзе ацэньвае ня тое, што бізнес-кампаніі, але, відавочна, і проста людзей, адносна ўдзелу ў вайне сярэдзіны 20-га стагоддзя. Гэта як не любіць французаў за напалеонаўскі паход, альбо ненавідзець сучасных немцаў за фашызм. Гэта ці я такая тупая і нечага не разумею, ці нехта занадта дурны і да гэтага часу так і не навучыўся. Баюся, і не навучыцца, бо для гэтага трэба мець уласнае меркаванне, уласныя веды і ўласны досвед.
Толькі прыгадаю, што ў 2021 годзе чэмпіянат свету па хакеі павінны былі прыняць Латвія і Беларусь. Але Менск пазбавілі такой прывілеі з увагі на палітычную сітуацыю ў краіне. І афіцыйны Менск абурыўся так, як умеў. Напрыклад так, як умеў дэпутат Віталі Уткін. А кампаніі Nivea і Škoda сярод іншых заявілі пра тое, што ня будуць фінансаваць правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў тым выпадку, калі ён пройдзе ў Беларусі. Гэтае рашэнне для мяне выглядае лагічным, але ў дэпутата Уткіна відавочна свая, “жалезная” логіка.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя