Вялікая колькасць выпускнікоў ухілілася ад размеркавання



Сёлета „дастаткова вялікая” колькасць выпускнікоў, накіраваных на працу (размеркаваных), не з’явілася на рабочае месца, гаворыцца ў лісце Міністэрства адукацыі, якое накіравана ў дзяржорганы, аблвыканкамы, асацыяцыі наймальнікаў і іншыя арганізацыі. Як адзначаецца ў лісце, сітуацыя, якая склалася вакол размеркавання выпускнікоў, разглядалася ва ўрадзе. Згодна з кастрычніцкім даручэннем Саўміна, „наяўнасць дастаткова вялікай колькасці выпускнікоў”, якія былі размеркаваныя (накіраваныя на працу) і якія не з’явіліся на рабочае месца, „сведчыць аб недастатковай працы ўстаноў адукацыі з самімі выпускнікамі і заказчыкамі кадраў, а таксама аб невыкананні ў поўным аб’ёме замовы на падрыхтоўку кадраў”.

У гэтай сувязі ўрад даручыў „дэталёва разабрацца па кожным факце непрыбыцця выпускніка да месца працы, прыняць вычарпальныя меры па спагнанні сродкаў, затрачаных на яго навучанне, пры адсутнасці аб’ектыўных прычын, устаноўленых заканадаўствам”.

Акрамя таго, Саўмін даручыў Міністэрству адукацыі сумесна з заказчыкамі кадраў і саветамі рэктараў (дырэктараў) „выпрацаваць дзейсныя меры па выключэнні ў далейшым фактаў неабгрунтаванага непрыбыцця да месца працы размеркаваных (накіраваных на працу) выпускнікоў”.

Міністэрства просіць заказчыкаў кадраў прапрацаваць гэта пытанне і падаць прапановы да 15 лістапада 2018 года.

У сваім лісце Мінадукацыі паведамляе пра яшчэ адно кастрычніцкае даручэнне ўрада, згодна з якім „прафесійную адукацыю неабходна якасна абнаўляць і ўдасканальваць, абапіраючыся на запыты часу”.

„Прадпрыемствы і арганізацыі павінны быць максімальна задзейнічаны ў падрыхтоўцы кадраў”, — гаворыцца ў лісце Міністэрства адукацыі. Ведамства просіць наймальнікаў унесці прапановы, якія б прадугледжвалі ўдзел бізнесу ў суфінансаванні падрыхтоўкі кадраў.

Незалежныя эксперты лічаць, што пытанні, узнятыя міністэрствам, адлюстроўваюць сістэмныя праблемы, назапашаныя ў нацыянальнай сістэме адукацыі.

БелаПАН

Фота obrazovanie.by