Вялікі чацвер
Сёння ў хрысціянаў Вялікі чацвер. У гэты дзень увечары праходзіць набажэнства, падчас якога чытаецца 12 фрагментаў Евангелля. Вернікі запальваюць свечкі, а пазней нясуць іх дадому. Калі ўдавалася зберагчы агеньчык свечкі ад ветру ды ўнесці запаленую свечку ў дом, лічылася, што ўвесь год у гэтай сям’і будзе ўдалым:
– Стаім са свечкамі ў царкве, пераважна на каленях, калі чытаецца Евангелле.
– Часам ідзе дождж, а ты нясеш-нясеш яе, і яна гасне. І тады кажуць, што бяда.
– Калісьці закрывалі той агонь, каб прынесці яго дахаты з царквы, бо гэта лічылася добрым знакам.
– Абыдзеш усе будынкі, зойдзеш у хату, перахрысцішся.
– Вакол хаты тры разы трэба абысці, пасля згасіць свечку і забраць яе дадому.
У Вялікі чацвер у хрысціянаў адбываецца таксама падрыхтоўка святых дароў для прычашчэння хворых і тых, хто не ў стане сам прыйсці ў храм. У гэты выключны дзень рыхтуецца таксама міра – духмяны алей, які выкарыстоўваецца, між іншым, і падчас хрышчэння.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя