Вялікія чэргі на мяжы Беларусі з Літвой (абноўлена)
Больш за 750 вялікагрузных аўтамабіляў чакаюць выезду з Беларусі ў Літву, паведамляе сайт Дзяржаўнага памежнага камітэта. Па дадзеных на 14.00, на беларуска-літоўскай мяжы ў чарзе на выезд з краіны чакае 751 аўтамабіль: у пункце пропуску «Катлоўка» – 120 машын, «Каменны Лог» – 350, «Беняконі» – 131, «Прывалка» – 150.
Чарга на выезд на беларуска-латвійскай мяжы ў напрамку Латвіі складае 140 фур: 80 на пункце пропуску «Грыгароўшчына» і 60 на пункце «Урбаны».
У напрамку Польшчы колькасць чакаючых выезду грузавых машын невялікая: 18 у пункце пропуску „Брузгі” і 20 у пункце „Казловічы”. На ўезд у Беларусь з Польшчы чакаюць чаргі 78 фур у пункце „Брузгі” і 23 у «Бераставіцы».
Для легкавых аўтамабіляў уезд вольны ў большасці памежных пунктаў.
* * *
На мяжы Беларусі з Літвой калапс — трэція суткі велізарныя чэргі з грузавікоў. Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, на 10 гадзін 27 лістапада ў чэргах на мяжы Беларусі з Латвіяй у «Грыгароўшчыне» і «Урбанах» знаходзяцца 50 і 60 машын. На мяжы з Літвой: у «Беняконях» 151 фура, у «Катлоўцы» — 130, «Прывалцы» — 148, «Каменным Логу» — 350. Пры гэтым у пунктах пропуску на мяжы з Польшчай чэргаў не назіраецца.
Беларускія памежная і мытная адміністрацыі афіцыйна сітуацыю не каментуюць.
Як паведамляе БелаПАН, спецыялісты сцвярджаюць, што галоўнай прычынай такой колькасць грузавых аўтамабіляў на выезд зь Беларусі менавіта ў прыбалтыйскім кірунку, у першую чаргу, з’яўляюцца абмежаванні на ўвоз паліва, якія дзейнічаюць у Польшчы. Акрамя таго, магчыма, адбіваецца набліжэнне калядных і навагодніх святаў, таму грузаперавозчыкі масава накіроўваюцца ў Еўропу за таварамі.