Моцныя маразы прыйдуць у Беларусь
Ад мінус 10 на поўдні да мінус 25 градусаў на поўначы краіны. У чацвер тэмпература паветра цягам аднаго дня ўпадзе на 15 градусаў.
Грамадства ўжо адвыкла ад такіх ваганняў, гаворыць дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кліматолаг Павел Каўрыга. Тым часам людзям варта падрыхтавацца да маразоў, бо яны ўсталюцца надоўга.
– Мы крыху ўсе заспакоіліся тым, што нашае надвор’е ў снежні і вось у пачатку студзеня нейкім чынам склалася аднародным з невялікімі ваганнямі тэмпературы – мінус адзін – мінус два. Снег шмат разоў выпадаў і тут жа гінуў. За гэты час нашыя ўмераныя шыроты даволі выхаладзіліся. Паўночныя шыроты таксама атрымалі даволі нізкія тэмпературы. Набліжаецца так званы Скандынаўскі цыклон. Мы бачым інтэнсіўнае падзенне снегу. Гэта звязана з тым, што мы яшчэ знаходзімся ў адносна цёплай паветранай масе франтальнага падзелу, які суправаджаецца моцным снегападам. Снег апярэджвае тое рэзкае пахаладанне, якое можа прынесці вялікую шкоду не толькі людзям, але асабліва азімым культурам. У бясснежжы пры нізкіх тэмпературах нашыя азімыя культуры могуць вымярзаць. Асабліва можа пацярпець рапс, ён больш цеплалюбны. Але як мы бачым, нашыя нябёсы ўсё гэта прадугледзелі – праход халоднага фронта і ўступленне ў сваё дзеянне халоднай арктычнай масы ў наступныя дні, якія атрымаюць ужо тэмпературу вельмі нізкую – 10 -15 градусаў – у нашай сярэдняй паласе, на поўначы краіны гэта можа быць 15 – 20 і нават да 25 градусаў, зразумела, на поўдні цяплее – каля 10, але таксама часамі можа быць да 15 градусаў.
РР: Такія рэзкія ваганні тэмпературы на здароўе чалавека могуць нейкім чынам негатыўна ўплываць?
– Канешне. Нашае здароўе цалкам залежнае ад атмасферы, ад паветра, у якім мы знаходзімся. Мы ж ні на адну хвіліну не прыпыняем узаемадзеянне з атмасферай, з паветрам. Мы дыхаем. І канешне, да гэтага трэба быць падрыхтаваным. Сустрэць гэты холад узброенным. Кожны чалавек, відаць, ведае, як яму прыстасавацца. Але не толькі чалавек залежны ад атмасферы, ад холада, які набліжаецца, але і дзеянне транспарта, дзеянне прамысловасці. Нашыя вытворцы павінны да гэтага падрыхтавацца.
РР: Акурат так выпадае, што гэтыя маразы здараюцца на праваслаўнае Раство, калі людзі будуць ісці ў цэрквы, так ці інакш будуць выходзіць на вуліцу. Што ім рабіць?
– Трэба несумненна ўцяпляцца і рухацца, аж да той пары, пакуль не сагрэешся, як гаворыцца.
РР: А як доўга будуць трываць гэтыя маразы? Ёсць ужо прагнозы?
– Мароз будзе трымацца каля двух, а можа і больш тыдняў. Вось такія пахаладанні, з такімі нізкамі тэмпературамі. Але трэба мець на ўвазе, што месяц студзень – сярэдзіна зімы і пачатак году, ён жа заўжды халаднейшы за ўсе зімовыя месяцы. Самы халодны месяц – гэта студзень. Але гэтыя нізкія тэмпературы не нашага паходжання, яны з далёкіх рэгіёнаў. Таму што для нас свае зімовыя тэмпературы – ад мінус 4 да мінус 8 градусаў.
Рэзкае пахаладанне звязана з надыходам паўночных паветраных масаў. Вялікія маразы паводле прагнозаў маюць трываць каля двух тыдняў.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
фота msk.kp.ru
Гутарка ў гукавым фармаце: