Вялікія штрафы актывістам прысудзіў суд Ленінскага раёну Гародні



Тром жыхарам Гародні ў судзе Ленінскага раёну Гародні прысудзілі вялікія штрафы за пікет па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую.

Пратаколы склалі за 29 траўня, калі на вачах гарадзенцаў затрымалі Сяргея Ціханоўскага, і людзі спрабавалі неяк прадухіліць правакацыю спецслужбаў.

Суддзя Руслан Гурын прысудзіў штраф 15 базавых велічынь (405 рублёў) Яўгену Клімуку. Суддзя Алена Пятрова прысудзіла штраф 20 базавых велічынь (540 рублёў) Юліі Карначавай. Суддзя Ларыса Барэль прысудзіла штраф 20 базавых велічынь (540 рублёў) пенсіянерцы Станіславе Дамшэль.

Пра суд і вынесеныя пакаранні распавядае Яўген Клімук:

– Атрымаў я 15 базавых. Ніякай справядлівасці ў нашых судах няма. Трэба нешта мяняць.

РР: А ці будзеце вы далей абскарджваць гэтае рашэнне?

– Няма сэнсу. Не ў нашай краіне, не пры нашых судах.

Юлія Карначава: Адносна працэдуры, лічу, што доказаў у суда не было. Лічу што прысуд несправядлівы. Крыўдна. Такая ў нас судовая сістэма.

РР: Ці будзеце вы далей абскарджваць гэтае рашэнне ў далейшых інстанцыях?

– Я думаю, што на дадзеным этапе гэта бессэнсоўна. Яны не прымаюць ні довады, ні тлумачэнні. Як ім трэба, так яны і судзяць.

Працэсы ў Гародні каментуе праваабаронца Раман Юргель:

– Гэта ўсё ланцуг дзеянняў па тэхналогіі запалохвання актыўных грамадзян, для таго, каб больш не хадзілі на сустрэчы з выбаршчыкамі, каб хаваліся па хатах, не хадзілі ў будучым на сустрэчы з кандыдатамі ў прэзідэнты. Каб не актыўнічалі.

На судовы працэс сабралося некалькі дзясяткаў актывістаў і журналістаў. Аднаго з актывістаў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай затрымалі па дарозе да суда, за тое, што ён ехаў з уключанай музыкай і сцягам “Краіна для жыцця”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча