Вялізныя штрафы за патрыятызм з часоў Мураўёва-вешальніка
155 гадоў таму шляхцянка Ванда Беляковіч заплаціла штраф 300 рублёў срэбрам за тое, што паклала ў труну закатаванаму ў віцебскай турме мужу-паўстанцу свой фотаздымак.
Распавядае аўтар кнігі “Партрэты паўстання” Язэп Янушкевіч:
– “Беляковіч – закатаваны ў турме ў Віцебску”. Паехаўшы я ў Вільню. І вось так, гартаеш гэтыя картатэкі. І раптам Беляковіч Ванда. Гэта імя нічога мне не гаворыць. Што тут можа быць, якія адносіны да паўстання. Чытаю. «Памещица Ванда Белякович, Витебская губерния, карточка найдена в гробу ея мужа. Заплатила штраф триста рублей». Тады карова каштавала восем рублёў, конь, можа, дванаццаць, а тут адразу трыста рублёў кары.
Вялізныя штрафы за патрыятызм беларусам прысуджалі яшчэ ў часы Мураўёва-вешальніка. Таксама царскія ўлады забаранялі сваякам загінулых і закатаваных паўстанцаў-каліноўцаў насіць жалобу.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск