Вярхоўны суд 11 жніўня пачне разгляд іску Мінюста аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў



 Папярэдняе судовае пасяджэнне па іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) пройдзе ў Вярхоўным судзе 11 жніўня, пачатак у 11.00. Адпаведныя дакументы з суда БАЖ атрымала 30 ліпеня, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

„Пасяджэнне павінна быць адкрытым. Дакументы аб грамадскім іску падпісаныя суддзёй Вярхоўнага суда Інэсай Уладзіміраўнай Лазавіковай”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падставай для ліквідацыі з’яўляецца тое, што БАЖ не выправіла парушэнні, якія былі выяўленыя Мінюстам падчас праверкі, распачатай у чэрвені 2021 года. „Кіраўніцтва арганізацыі катэгарычна не згодная з такімі высновамі”, — заявіла БАЖ.

Як растлумачылі ў арганізацыі, 9 чэрвеня Мінюст пачаў маштабную праверку дзейнасці асацыяцыі. Арганізацыя даведалася пра гэта 21 чэрвеня з ліста, у якім міністэрства прапаноўвала падаць для праверкі тысячы дакументаў аб дзейнасці арганізацыі. БАЖ перадала ў Мінюст вялікі пералік запытаных дакументаў, за выключэннем канфіскаваных з офіса падчас вобшуку 16 лютага.

14 ліпеня ў офісе БАЖ без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі сілавікі зноў правялі вобшук і апячаталі офіс, доступ да яго заблакаваны дагэтуль. „Копіі пратаколаў вобшуку нам не ўручаліся. Пералік канфіскаванай маёмасці нам невядомы. Таксама ў гэты дзень былі заблакаваныя аперацыі на банкаўскім рахунку арганізацыі”, — падкрэслілі ў асацыяцыі.

На наступны дзень арганізацыя атрымала з Мінюста копію загада аб вынясенні пісьмовага папярэджання на падставе таго, што рэгіянальныя аддзяленні БАЖ у Гомелі і Маладэчне „нібыта ажыццяўляюць дзейнасць без юрыдычных адрасоў, хоць гэта не так”.

„Непадаванне ўсіх запытаных дакументаў і адсутнасць юрыдычных адрасоў рэгіянальных філіялаў Міністэрства юстыцыі палічыла парушэннем заканадаўства і статута БАЖ”, — гаворыцца ў паведамленні асацыяцыі.

16 ліпеня БАЖ паінфармавала Міністэрства юстыцыі аб тым, што апячатаны офіс арганізацыі, і папрасіла даць час на выкананне патрабаванняў да атрымання доступу ў памяшканне.

21 ліпеня Мінюст паведаміў, што падаў у Вярхоўны суд іскавую заяву аб ліквідацыі БАЖ у сувязі з „непрыняццем мер па ліквідацыі парушэнняў і паўторным (пасля вынесенага пісьмовага папярэджання) парушэннем заканадаўства”.

Беларуская асацыяцыя журналістаў — добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб’яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю альбо садзейнічаюць яе развіццю. Існуе з 1995 года і аб’ядноўвае больш за 1.300 работнікаў медыясферы.

belapan.by