Вярхоўны суд 14 лютага разгледзіць апеляцыйную скаргу Дзмітрыя Паліенкі
Вярхоўны суд 14 лютага разгледзіць апеляцыйную скаргу анархіста Дзмітрыя Паліенкі на рашэнне Менскага гарадскога суда, паведамляе сайт palitviazni.info.
25 кастрычніка 2019 года Менгарсуд прызнаў Паліенку вінаватым у «асабліва злосным хуліганстве» (ч. 3 арт. 339 КК) і прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Паводле амністыі пакаранне яму скарачаецца на год. Паліенку таксама прызначана прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Дзяржабвінавачанне запытвала для анархіста шэсць гадоў пазбаўлення волі.
11 лістападзе стала вядома, што пракурор Менска Аляксандр Кароль накіраваў у Вярхоўны суд апеляцыйны пратэст на прысуд Паліенку. Затым гэты пратэст пракурор адклікаў. Паліенка таксама абскардзіў рашэнне Менскага гарадскога суда.
«14 лютага Вярхоўны суд павінен разгледзець маю апеляцыйную скаргу, – паведаміў Паліенка. – Мяркую, што цуду не здарыцца, а таму, калі найвышэйшая інстанцыя пакіне рашэнне Менскага гарадскога суда ў сіле, то з гэтага ж дня я пачну адбываць пакаранне. Маральна ўжо рыхтуюся да «дамашняй хіміі».
Дзмітрый Паліенка быў арыштаваны 20 сакавіка 2019 года паводле падазрэння ў злосным хуліганстве. Згодна з версіяй пацярпелага Аляксея Юрына, 13 сакавіка Паліенка распыліў яму ў твар газ з балончыка за зробленую заўвагу пра курэнне ў пад’ездзе. Паліенка віну не прызнаў. Паводле слоў актывіста, яму давялося прымяніць балончык у мэтах самаабароны, бо пʼяны Юрын пачаў бойку.
Улады пераследуюць Паліенку ўжо больш за тры гады. Першы раз ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у велапрабегу «Крытычная маса» ў красавіку 2016 года ў Менску. Актывіста абвінавацілі ў «гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў» – ён парваў куртку міліцыянеру. Беларускія праваабаронцы прызналі анархіста палітвязнем.
Паліенка, які вызваліўся ў кастрычніку 2018 года, зноў быў арыштаваны ў сакавіку 2019-га паводле абвінавачання ў некалькіх злачынствах (асабліва злоснае хуліганства; апаганенне збудавання і псаванне маёмасці; распальванне сацыяльнай варожасці). Пазней актывісту таксама выстаўлялі абвінавачанні за нанясенне графіці ў Курапатах і за абразу прадстаўніка ўлады (былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча).