Вярхоўны суд 27 жніўня разгледзіць скаргу на прысуд Паўлу Севярынцу



Вярхоўны суд 27 жніўня разгледзіць скаргу на прысуд Паўлу Севярынцу, паведаміла ў „Фэйсбуку” яго жонка Вольга.

Пачатак працэсу запланаваны на 9.30.

Як паведамлялася, 25 траўня Магілёўскі абласны суд прыгаварыў сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітыка абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Разам з Севярынцам асудзілі яшчэ некалькі чалавек. Каардынатар кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель і актывіст кампаніі Андрэй Войніч атрымалі па сем гадоў, а актывісты Павел Юхневіч і Максім Вінярскі — па пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Відэаблогер Дзмітрый Казлоў (Шэры Кот) асуджаны на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму; рэдактар тэлеграм-канала „Мая краіна Беларусь” Ірына Шчасная — на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.

Вінярскі, Юхневіч, Казлоў і Шчасная прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК), а Афнагель і Войніч яшчэ і ў навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў іх (ч. 3 арт. 293 КК). Акрамя таго, усе сем актывістаў абвінавачаныя ў падрыхтоўцы да злачынства (ч. 1 арт. 13 КК).

Праваабаронцы прызналі ўсіх семярых палітвязнямі.

Севярынец знаходзіцца ў няволі з 7 чэрвеня 2020 года. Паўла затрымалі, калі ён вяртаўся з пікета на сталічным Камароўскім рынку.

БелаПАН