Вярхоўны суд адмовіў у рэгістрацыі грамадскай арганізацыі „Несмяротны полк”
Калегія грамадзянскіх спраў Вярхоўнага суда адхіліла апеляцыйную скаргу актывістаў на рашэнне Менскага гарадскога суда аб адмове ў рэгістрацыі грамадскай арганізацыі „Несмяротны полк”. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з заснавальнікаў арганізацыі, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Драко.
Паводле яго слоў, нягледзячы на гэта, заснавальнікі „Несмяротнага палка” ўсё ж такі маюць намер дамагчыся афіцыйнай рэгістрацыі грамадскай арганізацыі.
„Калі мы атрымаем пісьмовае заключэнне аб адмове ў рэгістрацыі, мы збярэм заснавальнікаў і прымем рашэнне праводзіць трэці ўстаноўчы сход, і далей падаваць на рэгістрацыю мінскай гарадской арганізацыі. Можа, будзе так, можа, будзем ствараць як рэспубліканскую або міжнародную арганізацыю. Мы не спыняемся і будзем працаваць над стварэннем афіцыйнай арганізацыі „Бессмяротны полк”, — сказаў ён.
„Людзі не разумеюць, што „Несмяротны полк” як грамадская арганізацыя і шэсце гэта розныя рэчы. Шэсце гэта фінал дзейнасці ўсёй арганізацыі”, — дадаў Драко.
Акцыя „Несмяротны полк” з’явілася ў 2012 годзе ў Расеі, а цяпер штогод праводзіцца 9 мая ў розных краінах. Яе галоўная асаблівасць складаецца ў тым, што людзі прыходзяць на шэсце з партрэтамі сваіх сваякоў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама з георгіеўскімі стужачкамі.
У 2018 годзе ўлады Менска спачатку не дазволілі шэсце „Несмяротны палка”, але ў апошні момант усё ж далі згоду на яго правядзенне. Пасля гэтага арганізатары акцыі вырашылі зарэгістраваць аднайменнае грамадскае аб’яднанне, але Менгарвыканкам двойчы адмаўляў ім у гэтым. Актывісты ў сакавіку 2019 года абскардзілі рашэнне ў Менскім гарадскім судзе, але там таксама адмовілі ў рэгістрацыі. У 2019 годзе ім дазволілі правесці шэсце 9 мая па скарочаным маршруце.
belapan.by