Вярхоўны суд Беларусі адказаў БАЖу ў справе пераследу журналістаў-фрылансераў (абноўлена)
Вярхоўны суд Беларусі адказаў на зварот «Беларускай асацыяцыі журналістаў» з нагоды пераследу журналістаў-фрылансераў. У афіцыйным адказе за подпісам намесніка старшыні суда Руслана Аніскевіча гаворыцца, што ўзнятыя ў звароце пытанні «не могуць быць вырашаны» ў адпаведнасці з законам „Аб зваротах грамадзян”. БАЖ расцэньвае падобны пераслед журналістаў як неабгрунтаваны і супярэчлівы заканадаўству.
Паводле прэс-сакратара асацыяцыі Барыса Гарэцкага, праваахоўныя органы адзінадушна вырашылі закрыць вочы на пераслед незалежных журналістаў:
– Відавочна, закон парушаецца, ніхто не хоча звяртаць на гэта ўвагу. У выніку атрымалі тры адказы. На гэты момант генпракуратура адказала, што ўвогуле не будзе з намі на гэты конт размаўляць. Вярхоўны суд прыкладна аналагічны адказ даслаў, што фрылансеры могуць самі абсардзіць сваё рашэнне, а ўсё астатняе Вярхоўны суд не цікавіць. Міліцыя ў сваю чаргу напісала, што гэта ўвогуле нібыта не ў іх кампетэнцыі, хоць супрацоўнікі міліцыі складаюць гэтыя пратаколы за парушэнне закона аб СМІ, якія яны вельмі часта і ў вачы ніколі не бачылі, але ўжо каля 30-ці такіх выпадкаў маем.
Зварот БАЖ у Вярхоўны суд, Генеральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў і КДБ быў накіраваны 9 ліпеня. У ім уздымалася праблема масавага адміністрацыйнага пераследу журналістаў-фрылансераў, якіх улады абвінавачваюць у парушэнні парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ, а менавіта ў тым, што падрыхтаваныя імі матэрыялы з’яўляюцца ў замежных СМІ. Накладзеная сума штрафаў перасягнула восем тысяч еўра.
* * *
Спадзявання на тое, што кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка выканае абяцанне, якое даў у інтэрв’ю незалежным СМІ і разбярэцца ў сітуацыі з пераследам журналістаў-фрылансераў няма, кажа прэс-сакратар “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Барыс Гарэцкі. Улады абвясцілі вайну замежным СМІ і не могучы ціснуць на самі рэдакцыі, таму незаконна пераследуюць журналістаў, зачышчаюць і без таго зачышчанае інфармацыйнае поле:
– Ніякіх спадзеваў на словы Лукашэнкі ў нас няма. Таму што за ўсе гэтыя гады ягонага кіравання мы ўвесь час толькі бачым закручванне гаек. Спачатку закрываліся выданні, потым журналістаў саджалі за краты, цяпер штрафуюць за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Увесь час ёсць толькі пагаршэнне. Паляпшэнне калі і было, то толькі на нейкім вузкім перыядзе.
У час інтэрв’ю, якое Аляксандр Лукашэнка даў „Еўрарадыё”, „Радыё Свабода” і парталу tut.by, журналісты яго праінфармавалі, што толькі ў 2015 годзе адбылося 26 судоў над журналістамі-фрылансерамі; агульная ж сума штрафаў, выпісаных ім за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі, склала прыкладна 137 мільёнаў рублёў. Лукашэнка заявіў, што паступаць такім чынам у дачыненні да журналістаў – «гэта глупства». “Што тычыцца гэтых штрафаў – таксама вывучым, людзі ж не багатыя, мабыць, вы маеце тут рацыю», – падкрэсліў у час інтэрв’ю кіраўнік краіны.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя