Вярхоўны Суд Беларусі забараніў назву „Белсат” (абноўлена)



Вярхоўны суд Беларусі абавязаў Польскае тэлебачанне спыніць выкарыстанне гандлёвага знака „Белсат” пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі. Таксама забаронена выкарыстанне знака на інтэрнэт-старонцы канала, даступнай карыстальнікам на тэрыторыі Беларусі.

photo

Новая хваля ціску на незалежных журналістаў – падрыхтоўка да выбараў. Так прафесійная супольнасць ацэньвае рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі ў дачыненні да тэлеканала “Белсат”, які абавязаў Польскае тэлебачанне спыніць выкарыстанне гандлёвага знака „Белсат” пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі. Таксама забаронена выкарыстоўваць знак на інтэрнэт-старонцы канала. На “Белсат” у Беларусі ціснулі заўсёды – заўважыў у праекце “Месца для прэсы” прадастаўнік тэлеканала Міхась Янчук.

–   І гэты ціск заўсёды ўзмацняецца на тэлеканал перад значнымі палітычнымі падзеямі. А як вядома, кульмінацыяй цыклу палітычнага жыцця ў Беларусі з’яўляюцца прэзідэнцкія выбары, якія чакаюць нас у наступным годзе. Я думаю, гэта і ёсць падрыхтоўка да выбараў. На фоне нестабільнай міжнароднай сітуацыі гэтыя выбары для кіраўніка беларускай дзяржавы вельмі важныя, якія могуць азначаць – быць ці не быць.

Ціск на незалежных журналістаў, апазіцыю, грамадзянскую супольнасць заўсёды ўзмацняецца перад прэзідэнцкімі выбарамі. Гэта своеасаблівая прыкмета беларускага рэжыму – узгадвае палітолаг Валеры Карбалевіч.

–    Толькі ў 2010 годзе гэта было выключэннем. А так заўсёды гэта было. Што тычыцца судовага рашэння, то цікава тое, што яно другое. У пачатку года было ўжо адно судовае рашэнне, пры гэтым зусім процілеглае. І гэта было юрыдычнае, прававое рашэнне. А апошняе рашэнне – палітычнае. Вось у гэтым і ўся розніца.

Прадстаўнікі “Белсата” паведамляюць, што рашэнне Вярхоўнага суда не зможа абмежаваць дзейнасць тэлеканала, паколькі ён знаходзіцца на тэрыторыі Еўрапейскага звяза, у Польшчы, і дзейнічае паводле законаў гэтай краіны. Журналісты тэлеканала працуюць у звычайным рэжыме і будуць асвятляць прэзідэнцкую выбарчую кампанію 2015 года.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Беларуская асацыяцыя журналістаў расцэньвае рашэнне Вярхоўнага суда адносна забароны брэнда “Белсат” на тэрыторыі Беларусі як палітычна матываванае.

Прэс-сакратар арганізацыі Барас Гарэцкі нагадаў, што гэта другі судовы працэс па справе, які праводзіўся вельмі паспешліва:

– Адметна, што рашэнне гэтае было прынята літаральна праз тры дні пасля польска-беларускіх між МЗСаўскіх кансультацый, калі Купчына ездзіла ў Варшаву, дзе ішло нейкае абмеркаванне. Не ведаю чаму, як можна гэта патлумачыць, можа быць там нейкія гешэфты, можа быць беларуская ўлада хоча рашэнне па “Белсату” прадаць у Варшаве, альбо наадварот паказаць, што будуць ціснуць.

Вярхоўны Суд Беларусі абавязаў Польскае тэлебачанне спыніць выкарыстанне гандлёвага знака “Белсат” пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі, а таксама на старонцы сайта “Белсат” у інтэрнэце, даступным для карыстальнікаў на тэрыторыі Беларусі.

Пазоў супраць Польскага телебачання, якой належыць гандлёвая марка “Белсат”, падаў уладальнік беларускай “БЕЛСАТплюс” Андрэй Белякоў у траўні мінулага года.

Паводле Белякова, ягоная кампанія, якая займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабэльнага тэлебачаньня, нібыта церпіць страты з-за сугучнасьці з назвай тэлеканала.

Дырэктарка тэлеканала „Белсат” Агнешка Рамашэўская-Гузы адзначыла, што нягледзячы на прысуд, канал працягне працу на ранейшых умовах:

– Праца „Белсата” не зменіцца і нават не можа змяніцца, бо канал працуе на тэрыторыі Польшчы, дзе гэты прысуд не мае ніякага значэння. Тым больш не зразумела, навошта была гэтая справа. З пункту гледжання ўладаў Беларусі было абсалютна зразумела, што гэты прысуд нічога не зменіць. Мы маем гандлёвы знак, які зарэгістраваны ў Польшчы і Еўразвязе. Таму здзіўляюся, навошта гэтая сітуацыя была патрэбная.

Пазоў супраць польскага тэлеканала, якому належыць гандлёвая марка „Белсат”, падаў уладальнік беларускай фірмы „Белсат плюс” Андрэй Белякоў. Ён кажа, што яго кампанія, якая займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання, нібыта мае страты з-за сугучнасці з назвай тэлеканала.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя