Вярхоўны суд ліквідаваў Саюз беларускіх пісьменнікаў (абноўлена)



1-га кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пастанавіў ліквідаваць Саюз беларускіх пісьменнікаў. Вось, што неўзабаве пасля вынясення судовага рашэння расказаў для Радыё Рацыя старшыня творчага аб’яднання Барыс Пятровіч.

– Тым не менш, мы да апошняга спадзяваліся, што ёсць надзея на справядлівы і законны суд. Не люблю выслоўе, што надзея памірае апошняй, але ў дадзеным выпадку яно падыходзіць, сапраўды, надзея памёрла, літаральна 30 хвілін таму было аб’яўлена рашэнне Вярхоўнага суда аб тым, што Саюз беларускіх пісьменнікаў, старэйшая творчая арганізацыя Беларусі, мы рыхтаваліся адзначаць у бліжэйшым часе 90-годдзе, і вось арганізацыя з гэтых хвілінаў ліквідавана.

Саюз беларускіх пісьменнікаў – найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі, якая без перапынкаў існавала з 1934 года. Сярод яе заснавальнікаў былі класікі нацыянальнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас.

*******

Рашэнне аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў агучылі 1 кастрычніка ў Вярхоўным судзе.

Пра гэта паведаміла сама арганізацыя. 14 ліпеня 2021 года ў адрас грамадскага аб’яднання Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджанне. Яно было матывавана тым, што арганізацыя не падала своечасова запатрабаваных дакументаў.

Той факт, што ліст з гэтым патрабаваннем прыйшоў у офіс у дзень здачы папер, а на наступны дзень офіс СБП быў апячатаны Следчым камітэтам, Вярхоўны суд да ўвагі не прыняў.

23 і 24 верасня ў Вярхоўным судзе Беларусі адбыліся слуханні па пазове «Саюза беларускіх пісьменнікаў» да Міністэрства юстыцыі аб абскарджанні пісьмовага папярэджання. Аднак Вярхоўны суд пакінуў яго ў сіле

Беларускае Радыё Рацыя