Вярхоўны суд не падтрымлівае змякчэння антынаркатычнага заканадаўства



Вярхоўны суд не падтрымлівае змякчэння 328-га „антынаркатычнага” артыкула Крымінальнага кодэкса, заявіў намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч у інтэрв’ю газеце „Советская Белоруссия”, апублікаваным 30 мая.

Аніскевіч нагадаў, што ў парламенце знаходзіцца законапраект, які прадугледжвае зніжэнне ніжняй мяжы пакарання з пяці да трох гадоў пазбаўлення волі (па ч. 2 арт. 328) і з васьмі да пяці гадоў пазбаўлення волі (па ч. 3).

„Мы не падтрымлівалі гэтыя змены, як і любыя іншыя карэкціроўкі антынаркатычных нормаў у заканадаўстве. Проста таму, што на сённяшні дзень лібералізацыя ў гэтай сферы не выклікана якой-небудзь неабходнасцю. Створаны механізм процідзеяння наркаманіі працуе вельмі эфектыўна, а ўсе пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе яго прымянення, цалкам могуць вырашацца шляхам павышэння якасці следства і больш патрабавальных падыходаў да разгляду гэтых спраў у судах”, — заявіў намеснік старшыні ВС.

Паводле яго слоў, прайшло занадта мала часу з моманту прыняцця жорсткіх антынаркатычных мер, уведзеных дэкрэтам прэзідэнта № 6 ад 28 снежня 2014 года „Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. „Пік інтэнсіўнай барацьбы з наркаманіяй прыйшоўся на 2015—2016 гады, і толькі ў 2017 годзе (паводле дадзеных статыстыкі судоў і МУС) сапраўды відавочна пазначыўся станоўчы эфект прынятых мер. І сёння, на наш погляд, варта замацоўваць гэты эфект, а не кідацца карэктаваць створаную сістэму процідзеяння наркапагрозе толькі таму, што намеціліся нейкія станоўчыя тэндэнцыі ў гэтай барацьбе. На наш погляд, адмяняць цяперашнія суровыя меры пакарання нельга: паслабленне можа выклікаць не толькі адкат да ранейшай сітуацыі, але і ўсплёск нарказлачыннасці”, — сказаў ён.

На пытанне, ці ёсць у судоў магчымасць прымяняць больш мяккія меры пакарання ў рамках дзейнага закона, Аніскевіч адказаў: „Нельга сцвярджаць, быццам ідзе татальная мяккасць судовых рашэнняў. Вярхоўны суд паставіў перад суддзямі задачу не пра больш лаяльныя, але пра больш узважаныя падыходы да прызначэння пакаранняў тым, хто не звязаны з незаконным збытам наркотыкаў. Калі нейкая лібералізацыя і магчымая, то, на наш погляд, толькі ў дачыненні да спажыўцоў. Тых, хто з’яўляецца хворымі людзьмі і мае патрэбу хутчэй у медыцынскай дапамозе. І толькі ў рамках існага заканадаўства. Судам рэкамендавана па магчымасці прымяняць да такіх асоб пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Таксама стаіць задача больш шырока прымяняць такія ж меры да непаўналетніх”.

На думку намесніка старшыні ВС, „дыскусіі пра лібералізацыю законаў” датычна наркотыкаў інспіруюць наркадзялкі.

„Давайце разбярэмся, каму трэба, каб бескампрамісная барацьба з наркаманіяй выклікала грамадскае абурэнне? Каб пачыналіся дыскусіі пра лібералізацыю законаў і легалізацыю наркотыкаў? Жорсткія меры, прынятыя ў Беларусі, істотна звузілі рынак распаўсюджвання небяспечных рэчываў, балюча ўдарылі па наркабізнесе. Бо кожны наркаман, які шукае грошы на новую дозу, здольны ўключыць у сферу незаконнага абароту ад 8 да 20 чалавек. Мала якая фінансавая піраміда пахваліцца такім уцягваннем… І раптам гэтыя аб’ёмы рэзка ўпалі. Паводле некаторых ацэнак, у нашай краіне наркотыкі сталі самымі дарагімі сярод дзяржаў, якія акружаюць Беларусь, — заявіў Аніскевіч. — І я мяркую, што менавіта з мэтай змяніць гэтую сітуацыю ў сваю карысць наркатычнае лобі інспіруе грамадскую незадаволенасць, гуляючы ў тым ліку і на пачуццях маці асуджаных. Ідуць спробы дыскрэдытаваць праваахоўную, судовую сістэму”.

„Я хачу, каб сваякі асуджаных, якія кіруюцца цалкам зразумелымі бацькоўскімі пачуццямі, добра разумелі простую рэч: кажучы аб залішняй жорсткасці дзяржавы ў барацьбе з наркотыкамі, яны мімаволі іграюць на руку наркабізнесу, становяцца салдатамі яго войска. Асабліва ў тым выпадку, калі пераходзяць да прамога шантажу судовай улады і непрыкрытага націску на яе”, — сказаў прадстаўнік ВС.

На думку Аніскевіча, „усе павінны разумець, што не павінна быць ніякай ласкі да тых, хто травіць нашых дзяцей”.

Нагадаем, 8 мая пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала паведаміў журналістам, што кіраўнік дзяржавы выступае супраць аслаблення крымінальнай адказнасці для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. „Кіраўнік дзяржавы адназначна адзначыў, што паслаблення ў дачыненні да збытчыкаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў быць ніякага не можа. У дачыненні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленні і паблажкі”, — сказаў Сукала.

Аднак 22 мая на сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам Лукашэнка заявіў: „Можа, мы дзесьці дапусцілі пралікі або памылкі пры прыняцці адпаведнага заканадаўства. Я тады настойваў на ўзмацненні заканадаўства асабліва да тых, хто вырабляе і пастаўляе, прадае сюды наркотыкі. Нам трэба строга дыферэнцыраваць спажыўцоў і пастаўшчыкоў. Гэта натуральна. Можа, у гэтай частцы мы недзе памыліліся”.

Цяпер на разглядзе Палаты прадстаўнікоў знаходзіцца праект закона „Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжвае ў тым ліку карэкціроўку пяці „антынаркатычных” артыкулаў КК. Дакумент паступіў у парламент 11 мая, яго плануюць разгледзець у першым чытанні на гэтай сесіі, якая працягнецца да канца чэрвеня.

Актывісткі грамадскай ініцыятывы „Матчын рух 328” (аб’ядноўвае сваякоў асуджаных па „антынаркатычным” артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса), якія абвясцілі бестэрміновую эстафетную галадоўку, раскрытыкавалі законапраект аб змяненні гэтага артыкула. Яны, у прыватнасці, выказалі сумнеў у тым, што новая рэдакцыя закона неяк паўплывае на грамадзян, якія ўжо адбываюць пакаранне.

belapan.by

Фота sb.by