Вярхоўны суд пакінуў без змены смяротны прысуд братам Косцевым



Калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам Уладзіміра Давыдава 22 мая ў апеляцыйным парадку разгледзела крымінальную справу аб забойстве 47-гадовай настаўніцы ў Чэрыкаве (Магілёўская вобласць), здзейсненым у красавіку 2019 года, і пакінула ў сіле прысуд Магілёўскага абласнога суда. 10 студзеня двое жыхароў райцэнтра, 21-гадовы Ілья і 19-гадовы Станіслаў Косцевы, былі прыгавораныя да смяротнага пакарання. Прысуд увайшоў у сілу, аднак асуджаныя маюць права на працягу 10 дзён звярнуцца да прэзідэнта з просьбай аб памілаванні.

Згодна з матэрыяламі справы, пасля сумеснага застолля браты, знаходзячыся ў алкагольным ап’яненні, у ноч на 10 красавіка забілі суседку Наталлю Кастрыцу, якая працавала настаўніцай у мясцовай школе. Косцевы выкралі камп’ютар і прадукты харчавання, а затым падпалілі дом, каб схаваць сляды злачынстваў.

Згодна са звесткамі следства, паміж абвінавачанымі і настаўніцай здарыўся канфлікт з-за таго, што жанчына заявіла ў праваахоўныя органы аб неналежным выкананні бацькоўскіх абавязкаў сястрой абвінавачаных Ганнай Елясеенкай, якая знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Сям’ю паставілі на прафілактычны ўлік як тую, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Адвакат Ільі Костева Таццяна Падрэцкая, выступаючы ў Вярхоўным судзе, адзначыла: прызнана, што дзеянні братоў уяўлялі выключную грамадскую небяспеку, у тым ліку з-за таго, што Кастрыца была забітая, таму што выконвала грамадскі абавязак — заявіла аб неналежным выкананні бацькоўскіх абавязкаў сястрой Косцевых. Аднак абарона настойвала, што Косцевы не ведалі пра тое, што на іх сястру заявіла Кастрыца.

Падрэцкая і адвакат Станіслава Косцева Людміла Казак выказалі меркаванне, што выключная грамадская небяспека іх падабаронных не пацверджаная. Абодва адвакаты настойваюць, што падчас папярэдняга следства было парушанае іх права на абарону. Напрыклад Станіслаў Косцеў, затрыманы 10 красавіка 2019 года, упершыню сустрэўся з адвакатам на наступны дзень, 11 красавіка, размова доўжылася ўсяго тры хвіліны. Паводле сцвярджэння абароны, Станіслаў Косцеў знаёміўся са справай, у якой 12 тамоў і прыблізна тры тысячы старонак, 1 гадзіну 21 хвіліну, а яго брат — 2 гадзіны 48 хвілін. Станіслаў Косцеў знаёміўся з вынікамі 58 экспертыз 19 хвілін, яго брат з выстаўленым абвінавачаннем — пяць хвілін.

Такім чынам, заявілі адвакаты, абарона мела фармальны характар, а судовае пасяджэнне першай інстанцыі вялося ва ўмовах, калі абвінавачаных перабівалі пацярпелыя. Падрэцкая расказала, што ў зале суда першай інстанцыі Косцевых называлі вырадкамі, біясмеццем, маньякамі, забойцамі, але старшыня не рабіў заўваг пацярпелым.

Падчас судовага пасяджэння першай інстанцыі быў зачытаны ліст прэзідэнту, які напісалі сваячкі забітай і ў якім была просьба пакараць абвінавачаных як мага больш жорстка. „На суд рабіўся націск, прысуд незаконны, не ўлічвае асаблівасці асоб падсудных і іх няпросты лёс. Яны раслі ў сям’і, дзе маці выхоўвала чацвярых дзяцей. Іх забіралі з сям’і, маці пазбаўлялі бацькоўскіх правоў. Гэта ўчарашнія дзеці з няпростым лёсам”, — сказала Падрэцкая.

Людміла Казак пагадзілася з калегай адносна націску на суд і падкрэсліла, што прысуд Магілёўскага аблсуда вызначыла рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі ў адказ на зварот сваякоў. Яшчэ да рашэння Магілёўскага аблсуда гэтую крымінальную справу Лукашэнка згадаў у інтэрв’ю расійскай радыёстанцыі „Эхо Москвы”: „Два падонкі, інакш іх не назавеш, — ужо і разбоі былі, і каралі іх — забілі сваю настаўніцу. За тое, што яна абараніла дваіх дзетак іх сястры. Сястра — ніякая, асацыяльны элемент, а настаўніца абараніла іх і запатрабавала забраць з сям’і. Яны яе рэзалі ўсю ноч, яны забівалі яе ўсю ноч. Яна ўмольвала, прасіла, і ў рэшце рэшт яны яе блізу раніцы дабілі. Як вам?”

Абарона прасіла суд не пазбаўляць Косцевых жыцця, беручы пад увагу іх юны ўзрост, раскаянне, умовы жыцця і выхаванне.

Нягледзячы на заяву Лукашэнкі, сястра прыгавораных у сакавіку напісала петыцыю-зварот да яго, якую падпісала 868 чалавек. Жанчына прасіла памілаваць братоў, якія „здзейснілі непапраўнае — пазбавілі жыцця ні ў чым не вінаватага чалавека, і ніяк выправіць гэта, вярнуць гэтае адабранае імі жыццё ўжо нікому не падуладнае”. Яна адзначыла маладосць братоў і тое, што Косцевы практычна раслі без бацькоў, часта цярпелі беднасць і нягоды.

Беларусь застаецца адзінай у Еўропе і СНД краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання, Лукашэнка памілаваў усяго аднаго чалавека.

Вярхоўны суд толькі аднойчы ў найноўшай гісторыі адмяніў смяротны прысуд — вынесены Гомельскім абласным судом летам 2013 года 26-гадоваму Аляксандру Грунову, прызнанаму вінаватым у забойстве гомельскай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай у верасні 2012 года. Гэтае забойства Груноў здзейсніў праз год пасля адбыцця пакарання за жорсткае збіццё сужыцеля маці, у выніку якога той памёр. Аднак пасля паўторнага разгляду справы ў снежні 2013 года Гомельскі аблсуд зноў вынес смяротны прысуд Грунову, і Вярхоўны суд пакінуў яго без змены. Увосень 2014 года Груноў быў пакараны смерцю.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у 2019 годзе былі пакараныя смерцю як мінімум два чалавекі. З пачатку 2020 года вынесеныя тры смяротныя прысуды, уключаючы прысуд Косцевым. 6 сакавіка Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку прыгаварыў 29-гадовага жыхара Слуцкага раёна Віктара Скрундзіка да смяротнага пакарання на падставе абвінавачання ў некалькіх забойствах і замаху на забойства.

Еўрапейскі саюз неаднаразова заклікаў беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да яго поўнага скасавання.

belapan.by

Фота tut.by