Вярхоўны суд пакінуў прысуд Паліенку без зменаў



Вярхоўны суд пакінуў прысуд Дзмітрыю Паліенку без зменаў, а апеляцыйную скаргу не задаволіў.

Сёння, 14 лютага, Калегія Вярхоўнага суда разгледзела апеляцыйную скаргу Дзмітрыя Паліенкі на прысуд Менскага гарадскога суда, згодна з якім яго палічылі вінаватым па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства) за тое, што ён пырснуў газавы балончык у твар Аляксею Юрыну, калі абараняўся.

Сам Дзмітрый Паліенка на пасяджэнне не прыйшоў, бо ахоўнікі яго не пусцілі з-за нашыўкі на вопратцы:

– Я прыйшоў у зонаўскім кліфце з біркай «Free Еmelianov». Ім гэта не спадабалася. Яны сказалі, каб я гэта зняў. Гэта не па законе, таму я вырашыў на суд не ісці, проста праігнараваць. Я хацеў заявіць у судзе, што нядаўна была расправа над маімі паплечнікамі Мікітам Емяльянавым і Іванам Комарам, тым самым паказаць, што суд – гэта проста канвеер, які адпраўляе палітычных актывістаў у турмы.

У праваабаронцаў іншы погляд на рашэнне суда. Кажа юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

– Ніякіх прамых доказаў віны Паліенкі ў інкрымінаваным злачынстве судом прадстаўлена не было.

З сённяшняга дня, 14 лютага,  прысуд над Дзмітрыем Паліенкам уступае ў сілу і пачынаецца адлік яго пакарання «хатняй хіміяй».

Беларускае Радыё Рацыя