Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд палітвязню Міколу Дзядку
25 студзеня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенага Міколы Дзядка, паведамляе «Вясна». Скаргу Міколы разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда, у якую ўваходзілі суддзі Уладзімер Давыдаў, Андрэй Кавальчук і Мікалай Грынцэвіч. У паседжанні прыняў удзел пракурор Генеральнай пракуратуры Андрэеў.
Калегія пакінула скаргу без задавальнення, а прысуд — без зменаў. Гэта значыць, што ў хуткім часе Мікола Дзядок будзе этапаваны ў калонію адбываць пакаранне.
10 лістапада анархіста, блогера і аўтара «Новага Часу» Міколу Дзядка пакаралі 5 гадамі калоніі. Яго прызналі вінаватым па трох крымінальных артыкулах:
- арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- арт. 361 — заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бяспецы;
- арт. 295-3 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражалнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.
Мікола Дзядок віны не прызнаў, сказаўшы ў апошнім слове, каб усе, хто мае дачыненне да палітычных працэсаў, «не мелі ілюзій». На яго перакананне, ніякаму тэрору не спыніць развіццё і прагрэс.