Вярхоўны Суд пакінуў у сіле смяротны прысуд Хмялеўскаму
Апеляцыйная скарга асуджанага да смяротнага пакарання жыхара пасёлка Мачулішчы Менскага раёну Сяргея Хмялеўскага разгледжаная Калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Беларусі.
Калегія не задаволіла скаргу асуджанага: пакінула прысуд Менскага абласнога суда – расстрэл. Фактычна Вярхоўны суд – гэта апошняя інстанцыя, дзе можна абскардзіць смяротны прысуд. Як заўважае праваабаронца Андрэй Палуда, праўда, ёсць яшчэ “памілаванне прэзідэнта”:
– Гэта заўсёды так, але, напрыклад, той жа Якавіцкі ці Кулеш, ды шмат хто з прыгавораных да смяротнага пакарання кажуць пра тое, што яны не спадзяюцца ні ў якім разе на памілаванне кіраўніка дзяржавы. Я хачу нагадаць, што за ўвесь час з больш чым 400 смяротных прысудаў толькі адзін раз Лукашэнкам быў памілаваны чалавек – гэта Паціраеў, больш такой інфармацыі няма.
Сяргей Хмялеўскі прысуджаны да смяротнага пакарання за жорсткае забойства двух і больш асобаў. Асуджанаму – 31 год.
Праваабаронцы лічаць, што нягледзячы на цяжкасць злачынства, пакаранне смерцю – гэта такое ж самае злачынства. Ва ўсіх краінах Еўропы, акрамя Беларусі, яго не выкарыстоўваюць. Акрамя таго, у Беларусі ёсць пажыццёвае зняволенне, якое можа замяніць расстрэл.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ПЦ „Вясна”