Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны вырак Віктару Паўлаву



Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пакінуў у сіле смяротны вырак Віктару Паўлаву. Ён асуджаны за забойства дзвюх сясцёр-пенсіянерак у Віцебскім раёне.

Двайное забойства адбылося 30 снежня 2018 года. Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакрання” Андрэй Палуда распавёў, як Паўлаў паводзіў сябе на пасяджэнні па яго апеляцыі:

– Сам Паўлаў сябе паводзіў вельмі пасіўна. Калі суддзя запытаў, ці хоча той нешта сказаць, ён адказаў: пакуль што не. І гэта ўсё. І яшчэ суддзя яго з ухмылкай такой перапытаў: пакуль? У кантэксце таго, што ён разумеў, што больш у яго такой магчымасці не будзе. Мабыць Паўлаў сам гэтага не разумеў.

Цяпер Віктар Паўлаў можа толькі звярнуцца з просьбай аб памілаванні да кіраўніка Беларусі. Усяго за бягучы год у Беларусі абвешчаны тры смяротныя прысуды. Наша дзяржава застаецца адзінай у Еўропе, дзе прымяняецца падобная мера пакарання.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле: 

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота Tut.by