Вярхоўны суд разглядае скаргу Сацыяльна-хрысціянскага руху



У Вярхоўным судзе Беларусі прайшоў разгляд скаргі Сацыяльна-хрысціянскага руху на адмову яго рэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі. Па словах кіраўніка СХР Вольгі Кавальковай, усе зачэпкі, знойдзеныя мінюстам, можна выправіць вельмі хутка. Раней Мінюст адмовіў у рэгістрацыі руху ў сувязі з тым, што ў аднаго з заснавальнікаў арганізацыі ў дакументах было няправільна ўказана імя па бацьку, а таксама не быў указаны кіраўнік савета арганізацыі.

Вольга Кавалькова не чакае станоўчага рашэння ўладаў па рэгістрацыі руху, бо суды, на яе думку, заўсёды абараняюць пазіцыю дзяржаўных органаў.

– Дзейнічаем, працуем у любым выпадку. Зразумела, хочацца дамагчыся рэгістрацыі. Пры падачы нашых дакументаў мы заўжды падаем усе патрэбныя паперы, нічога не парушаем. Міністэрства юстыцыі павінна камунікаваць з заяўнікамі падчас разгляду і проста вось такія моманты, якія смешныя, можна выпраўляць падчас камунікацыі. Папрасіць мяне нешта прадставіць дадаткова. Яны ж не камунікуюць. У іх няма задачы, на мой погляд, рэгістраваць  арганізацыі, якія альтэрнатыўныя дзяржаўным. 

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Суддзя агучыць сваё рашэнне заўтра, адзначае кіраўнік СХР Вольга Кавалькова. Яна нагадала, што гэта ўжо другая спроба рэгістрацыі ўтворанага ў 2015 годзе Хрысціянска-дэмакратычнага руху.

Нерэгістрацыя арганізацыі стала аб’ектам крытыкі афіцыйнага Менска з боку Еўрапейскай народнай партыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя