Вярхоўны суд: страйк на „Беларуськаліі” незаконны
Вярхоўны суд 19 студзеня разгледзеў скаргу старшыні страйкама „Беларуськалія” Анатоля Бокуна і пакінуў у сіле рашэнне Мінскага абласнога суда аб прызнанні забастоўкі на прадпрыемстве незаконнай, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.
Паводле яго слоў, у судзе Бокун заявіў, што не змог прысутнічаць на разглядзе іску адміністрацыі ААТ „Беларуськалій” у Мінскім абласным судзе, бо адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і не быў належным чынам праінфармаваны аб пасяджэнні.
„Вярхоўны суд павінен быў адмяніць рашэнне па фармальнай прыкмеце — Анатоль Бокун не быў інфармаваны і гэтым парушанае яго права як старшыні страйкама прысутнічаць на пасяджэнні, — сказаў Ярашук. — Але ніхто не чакаў, што цуд адбудзецца і Вярхоўны суд адменіць рашэнне Мінскага абласнога суда”.
Як паведаміў Ярашук, Вярхоўны суд цалкам пагадзіўся з рашэннем Мінаблсуда і прызнаў страйк незаконным у сувязі з тым, што не была выкананая працэдура яго правядзення. „Пры гэтым зусім ігнараваўся той факт, што ў Беларусі немагчыма законна правесці страйк. Працэдура прапісаная так, што на любым з этапаў страйк можа быць спынены — гэта па-першае. Па-другое, у Беларусі наогул забароненыя палітычныя забастоўкі. Вярхоўны суд павінен быў аналізаваць тое, што адбывалася на „Беларуськаліі”, з пункта гледжання права работнікаў на палітычны страйк як выказванне свайго меркавання адносна падзей у краіне”, — адзначыў старшыня БКДП.
17 жніўня 2020 года на „Беларуськаліі” быў абвешчаны страйк. Шахцёры запатрабавалі прызнаць вынікі выбараў прэзідэнта несапраўднымі, прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынства супраць народа і фальсіфікацыю выбараў, вызваліць усіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі.
Пазней пракурор Мінскай вобласці Сяргей Хмарук звярнуўся ў Мінаблсуд з іскам аб прызнанні страйку і рашэння пра яго правядзенне незаконнымі.
Пасяджэнне па іску прайшло 11 верасня. Пазіцыю пракуратуры выклала малодшы дарадца юстыцыі Святлана Мандрыкава. Яна заявіла, што прыняцце рашэння аб забастоўцы і сама забастоўка праведзеныя з парушэннем патрабаванняў Працоўнага кодэкса. У прыватнасці, да абвяшчэння і правядзення забастоўкі не было пасяджэння прымірэнчай камісіі, не выкананая працэдура прыняцця рашэння аб абвяшчэнні і правядзенні забастоўкі, наймальнік не быў своечасова папярэджаны страйкамам аб рашэнні правесці страйк, патрабаванні, што былі выстаўленыя падчас забастоўкі, не звязаныя з вырашэннем калектыўнай працоўнай спрэчкі і г.д.
Адказчыкам па іску значыўся страйкам прадпрыемства, сустаршынямі якога на момант забастоўкі былі Сяргей Шыц і Анатоль Бокун (падчас суда адбываў 15-сутачны арышт за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі). Шыц растлумачыў, што 21 жніўня склаў з сябе паўнамоцтвы і больш не мае да страйку ніякага дачынення. З гэтай прычыны Шыц з’яўляецца неналежным адказчыкам, адзначыў яго адвакат Уладзімір Пыльчанка і папрасіў адмовіць у задавальненні іску.
Юрыст БКДП Алена Яськова, якая выкладала інтарэсы Шыца, заявіла, што страйк шахцёраў праходзіў у выключных для краіны ўмовах. Паводле яе слоў, работнікі прадпрыемства былі абураныя грубай фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а таксама вельмі жорсткімі разгонамі, здзекаваннямі, збіваннем і забойствамі мірных пратэстоўцаў, таму ў знак пратэсту выйшлі на страйк.
Яськова адзначыла, што паводле заканадаўства работнікі маюць права на страйк толькі для вырашэння калектыўнай працоўнай спрэчкі, што абмяжоўвае правы працоўных. Разам з тым, паводле яе слоў, згодна з міжнароднымі нормамі работнікі маюць права на страйк, у тым ліку ў знак пратэсту супраць сацыяльнай і эканамічнай палітыкі дзяржавы.
Заслухаўшы довады бакоў, суддзя Валянціна Караткевіч прызнала страйк шахцёраў „Беларуськалія” незаконным.
Ад імя страйкавага камітэта „Беларуськалія” 28 верасня ў Вярхоўны суд была пададзеная апеляцыйная скарга на рашэнне Мінскага абласнога суда аб прызнанні незаконнай забастоўкі шахцёраў.
На гэты момант у страйку знаходзяцца больш за 100 рабочых „Беларуськалія”.