Вярхоўны суд вызваліў Таццяну Пыцько з-за кратаў, а Вячаславу Лазараву зменшыў тэрмін пакарання
Апеляцыйныя скаргі на прысуд Віцебскага абласнога суда ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Юры Руткоўскі. Ён перакваліфікаваў склад злачынства, паводле якога асудзілі сужэнцаў Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава.
Паводле рашэння калегіі ў крымінальных справах Вярхоўнага суда, Вячаслаў Лазараў мае адбыць 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Раней суд першай інстанцыі прыгаварыў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а вынікам разгляду апеляцыйнай скаргі Таццяны Пыцько, стала вызваленне яе з-пад варты. Вярхоўны суд прысудзіў ёй тое самае пакаранне — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады.
Беларускае Радыё Рацыя