Вяртанне „Мовы нанова Гародня” з калядных канікул
У Гародні пасля калядных канікул прадоўжылі працу папулярныя ў краіне моўныя курсы „Мова нанова”. Навучэнцы на гэтых курсах не толькі атрымліваюць граматычныя веды і моўныя гутарковыя навыкі, але і маюць магчымасць сустрэцца з таленавітымі людзьмі творчых прафесіяў.
Эмілія Гаўрус – выкладчыца курсаў – запэўнівае, што навучэнцы ў найбліжэйшыя месяцы навучання атрымаюць у сваім моўным досведзе шмат цікавостак.
– Мы напэўна вельмі шмат будзем хадзіць на розныя экскурсіі ў музеі, па горадзе. Якія – гэта пакуль сакрэт. Трэба сачыць за абвесткамі. І, як заўсёды, нас чакае шмат новых тэмаў, гасцей, знаёмстваў. Таму ўсіх запрашаем да нас на курсы, а таксама далучыцца да нашых суполак у Вконтакте, Facebook і Instagram, каб сачыць за нашымі афішамі. Традыцыйна ў нас ёсць граматычная частка, і яна будзе заўсёды: гэта неад’емная частка нашых курсаў. Іншая рэч, што яна можа быць не такой доўгай.
Першыя заняткі курсаў паслякаляднага перыяду былі прысвечаны пісьменнаму ўжыванню дзеясловаў „апрануць” і „адзець”. Таксама на заняткі была запрошана спявачка і аўтарка чатырнаццаці музычных дыскаў Таццяна Матафонава. На суд гарадзенцам яна прадставіла дыск, які выйшаў тры гады таму і быў прысвечаны галасам шасці дзясяткаў беларускіх паэтаў. На словы некаторых яна выканала песні пад гітару.
– Мне хочацца паказаць усё, што было зроблена за гэтыя гады. З 2005 года многа дыскаў было. Мы паслухалі «Галасы паэтаў», песні на вершы гэтых паэтаў. Два дыскі былі з Сержуком Сокалавым-Воюшам зроблены, гэта і пераклады з іншых моў. Думаю, з гэтым можна пазнаёміцца. Можа, школьная песня якая.
На завяршэнне заняткаў Таццяна Матафонава як удзельніца менскай капэлы „На Таку” развучыла з курсантамі каля дзясятка беларускіх народных танцаў. Наступныя курсы „Мова нанова Гародня” будуць праходзіць у выглядзе экскурсіі ў доме-музеі Элізы Ажэшкі. Заняткі па гэтай прычыне пачнуцца а 18-ай гадзіне.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня