Вяртацца ў Беларусь НІСЭПД у найбліжэйшай перспектыве не плануе



Аднаўленне апытанняў Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў у беларускіх умовах немагчымае, заявіў заснавальнік НІСЭПД прафесар Алег Манаеў у інтэрв`ю БелаПАН, прымеркаваным да гадавіны спынення дзейнасці інстытута ў краіне.

У жніўні 2016 года па дзяржаўных тэлеканалах Беларусі быў паказаны фільм „Прымат НІСЭПД”, аўтары якога абвінавацілі інстытут у фальсіфікацыі апытанняў грамадскага меркавання. Кіраўнік нацыянальнай сеткі інтэрв`юераў быў затрыманы і прымушаны да „прызнальных паказанняў”, „якія выкрылі” сацапытанні НІСЭПД. У сувязі з тым, што дзясяткі людзей апынуліся пад пагрозай крымінальнага пераследу, Алег Манаеў абвясціў аб спыненні апытанняў на тэрыторыі Беларусі.

Сёння НІСЭПД, які апошнія 12 гадоў зарэгістраваны ў Літве, пераключыўся на аналітычную дзейнасць. „Не варта забываць, што сацыялогія — гэта не толькі апытанні, — адзначыў дырэктар інстытута. — З-за недахопу вынікаў апытанняў мы актыўна выкарыстоўваем звесткі дэмаграфічнай, сацыяльна-эканамічнай, юрыдычнай і іншай статыстыкі. Важную інфармацыю дае аналіз дакументаў (ад указаў прэзідэнта да пастаноў урада і мясцовых уладаў), заяў прадстаўнікоў улады і апазіцыі. Балазе, інтэрнэт дае для гэтага вялікія магчымасці”.

Працягваецца выпуск штомесячнага інфармацыйнага бюлетэня „Инфофокус”, калегі выступаюць са сваімі каментарамі ў незалежных СМІ, паведаміў Манаеў. „Я выступаю і публікуюся на Захадзе. Выкарыстоўваючы звесткі НІСЭПД, імкнуся ўтрымліваць увагу да Беларусі на міжнародным навуковым і інфармацыйным узроўні. Ва ўмовах росту напружання паміж Захадам і Расіяй гэта цяжкая задача”, — падкрэсліў сацыёлаг.

Праблемы Беларусі, паводле яго слоў, абмяркоўваюцца на аўтарытэтных буйных форумах. У іх ліку — Міжнародны кангрэс па цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх даследаваннях у Токіа, кангрэс Асацыяцыі славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў (ASEEES) у Філадэльфіі, канферэнцыя Амерыканскай асацыяцыі па вывучэнні грамадскай думкі ў Новым Арлеане.

„На такіх абмеркаваннях часта прысутнічаюць не толькі навукоўцы, але і прадстаўнікі розных структур, якія прымаюць палітычныя рашэнні, — заўважыў Манаеў. — Хачу таксама падкрэсліць, што якімі б ні былі намаганні НІСЭПД, без актыўнага ўдзелу Рыгора Іофе з ЗША, Дэвіда Марплза з Канады, Аркадзя Мошэса з Фінляндыі, Мічытакі Хатары з Японіі і іншых вядомых навукоўцаў Беларусь магла б проста выпасці з міжнароднага навукова-палітычнага парадку дня. У нас шмат хто лічыць, што раз Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, значыць, яна аўтаматычна павінна быць і ў цэнтры ўвагі, але гэта зусім не так”.

Як лічыць прафесар Манаеў, пасля спынення сацапытанняў НІСЭПД у Беларусі даступнай сацыялагічнай інфармацыі стала прыкметна менш, а палітычныя рэйтынгі ў публічным дыскурсе Беларусі амаль не фігуруюць. Хоць „вынікі незалежных даследаванняў усё ж прасочваюцца”, дадаў ён.

Сацыёлаг, у прыватнасці, адзначыў апублікаваныя летась вынікі апытання САТЫА, паводле якіх амаль дзве траціны беларусаў лічаць, што іх асабісты выбар і паводзіны ні на што ў краіне не ўплываюць, бо „ўсё тут вырашае дзяржава”.

Манаеў таксама прывёў звесткі апытання Беларускай аналітычнай майстэрні, паводле якіх амаль дзве траціны рэспандэнтаў хочуць бачыць Беларусь у саюзе з Расеяй і толькі 19% — з ЕЗ. А ацэньваючы далучэнне Крыма да Расеі, дзве траціны назвалі гэта „законнымі і справядлівымі дзеяннямі” і толькі 14% — „незаконнымі”.

Дырэктар НІСЭПД адзначыў і нядаўняе апытанне Міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў (МАСМД), якое паказала невысокі ўзровень дасведчанасці беларусаў аб актуальных грамадскіх ініцыятывах і нізкі ўзровень гатоўнасці ў іх удзельнічаць.

„Усе гэтыя даныя, у адрозненне ад афіцыйнай сацыялогіі, пацвярджаюць вынікі апытанняў НІСЭПД. Так што я ад усёй душы жадаю калегам заставацца на плаву як мага даўжэй”, — сказаў Манаеў.

На пытанне, ці не разглядае ён магчымасць вяртання ў Беларусь і правядзення сацапытанняў на радзіме на фоне пацяплення адносін Беларусі з ЕС, дырэктар НІСЭПД адказаў: „Мне нават не гадамі, а дзесяцігоддзямі даводзілася адстойваць права на прафесійную дзейнасць не толькі для сябе, але і для ўсёй незалежнай сацыялогіі. Па вялікім рахунку — права грамадства на выражэнне ўласнага, а не навязанага ўладамі меркавання. Гісторыя НІСЭПД зацікаўленай публіцы добра вядомая — гэта незлічоныя наезды: забароны, публічная дыскрэдытацыя, сачэнне, допыты, вобыск, арышт, суды, ліквідацыі. Мяркую, што многія і ва ўладзе, і ў апазіцыі ўздыхнулі з палёгкай пасля таго, як НІСЭПД быў вымушаны спыніць апытанні, бо іх вынікі перашкаджалі і адным, і другім. Так званае пацяпленне адносінаў Мінска і ЕС цалкам не мяняе сутнасці беларускага аўтарытарызму. Таму сёння я нічога не загадваю і не разглядаю”.

На думку Манаева, у існых умовах аднаўленне апытанняў НІСЭПД у краіне немагчымае. Сёння незалежныя апытанні грамадскай думкі ў Беларусі „пастаўленыя ў нелегальнае становішча, і ўцягваць у іх новых людзей — значыць рызыкаваць тым, што яны могуць зведаць крымінальны пераслед”, заявіў сацыёлаг.

Нават калі ўлады дазволяць зарэгістраваць НІСЭПД у Беларусі, праца інстытута усё роўна будзе кантралявацца, і на аб`ектыўныя вынікі разлічваць не давядзецца, лічыць сацыёлаг.

„Другі — больш складаны і вытанчаны — варыянт: улады фармальна дапусцяць аднаўленне інфраструктуры апытанняў і нават незалежнага фінансавання, але спецслужбы „ўбудуюцца” ў яе і будуць уплываць на збор і апрацоўку інфармацыі. Выніковая карцінка такіх апытанняў будзе ненашмат адрознівацца ад таго, што сёння кажуць па тэлевізары. І ў адным, і ў другім выпадку незалежнага вывучэння грамадскай думкі не атрымаецца, але фармальна будзе выглядаць як дэмакратызацыя ўлады”, — падкрэсліў дырэктар НІСЭПД.

Праводзіць апытанні па тэлефоне альбо пры дапамозе інтэрнэту Манаеў не лічыць магчымым. „У існых умовах ні тэхналагічна, ні арганізацыйна дамагчыся такім спосабам рэгулярнага атрымання надзейнай, рэпрэзентатыўнай інфармацыі не ўяўляецца магчымым”, — перакананы ён.

У планах НІСЭПД — займацца параўнальнымі даследаваннямі сацыяльных працэсаў на постсавецкай прасторы. „Такая перабудова — доўгі і складаны працэс. Калі інстытут цалкам стане на новыя рэйкі, мне пакуль цяжка сказаць”, — адзначыў дырэктар НІСЭПД.

Манаеў цяпер працуе ў Міжнародным навуковым цэнтры імя Вудра Вільсана ў Вашынгтоне над праектам аб змене сацыяльнай структуры грамадства ў краінах „славянскага трыкутніка” (Беларусь, Расея, Украіна).

„Звычайна ўвагу прыцягвае тое, што адбываецца на палітычнай сцэне, гэта значыць на ўзроўні кіраўніцтва: што заявіў ці каго прызначыў прэзідэнт, якія законы прымае парламент, як змагаецца апазіцыя. Але ж самае галоўнае адбываецца ў глыбіні грамадства — менавіта гэтыя працэсы вызначаюць тое, што потым выяўляецца наверсе, — адзначыў дырэктар НІСЭПД. — Параўнальны аналіз паказвае, што пасля падзення камунізму ў нашых краінах адбываецца маштабная ператасоўка сацыяльнай структуры грамадства. І хоць гэты працэс не суправаджаецца татальным гвалтам і разбурэннем ранейшага парадку, як у часы гістарычных сацыяльных рэвалюцый, гэтая ціхая рэвалюцыя таксама прыводзіць да вельмі сур`ёзных наступстваў для грамадства і дзяржавы”.

БелаПАН