Вяртлявых чаротавак з Палесся паспяхова перасяляюць у Літву



Транслакацыя – гэта сталае перасяленне віду ў месцы, дзе ён ці знік, ці знаходзіцца пад пагрозай знікнення. У нашым выпадку гаворка ідзе пра вяртлявую чаротаўку, самая буйная папуляцыя якой у свеце засталася ў Беларусі – на балоце Званец на Берасцейшчыне, у Літве ж яе зусім мала. Ужо можна казаць, што беларусы і літоўцы пры дапамозе праекта ЕC „Life” i праекта ПРААН-ГЭФ «Вэтландс» упершыню ў свеце ажыццявілі транслакацыю птушак у літоўскі заказнік «Жувінтас».

Аляксандр Казулін

Гэтымі днямі туды адправіліся 50 птушанят вяртлявай чаротаўкі. Паводле кіраўніка праекту, біёлага Аляксандра Казуліна, пераселеныя ў мінулым годзе чаротаўкі вярнуліся пасля зімы ў Літву, поспех другога этапа транслакацыі паставіць кропку ў рэгістрацыі новага метаду захавання відаў.

– Птушкі запамінаюць тэрыторую будучага гнездавання ва ўросце ад 30 да 50 дзён. Гэта вызначана вопытным шляхам. І калі ўзяць птушанят вяртлявай чаротаўкі і завезці ў Жывінтас за 500 кіламетраў, там яны прабудуць перыяд з 30 да 50 дзён і адтуль паляцяць на зімоўку ў Афрыку, то яны абавязкова вернуцца туды, не да нас сюды, а туды. Як гэта атрымліваецца, запамінанне гэтага месца, ніхто не ведае.

Пра галоўную мэту праекта распавядае літоўскі біёлаг Жымантас Марквенас.

– І ў прынцыпе ў нас не з’яўляецца першай мэтай аднавіць папуляцыю на Жывінтасе. Самая галоўная мэта – гэта распрацаваць метад і пабачыць, ці ён працуе, аптымізаваць яго, калі магчыма, і мець гэты мэтад у кішэні. Але ў прынцыпе гэта вельмі вялікі крок ва ўсёй стратэгіі аховы вяртлявай чаротаўкі ў свеце.

Жымантас Марквенас

Пасля першага поспеху беларусаў і літоўцаў метадам зацікавіліся нямецкія арнітолагі, якія зараз дамаўляюцца з польскімі калегамі, каб такім жа спосабам аднавіць цалкам зніклую германскую папуляцыю вяртлявай чаротаўкі.

Беларускае Радыё Рацыя