Вяскоўцаў прымушаюць плаціць за наведванне возера і леса
Жыхары вёсак каля Выганашчанскага лясгаса ў Івацэвіцкім раёне павінны плаціць за наведванне возера і леса. Вясной бягучага года з дапамогай Адміністрацыі прэзідэнта людзі дамагліся адмены аплаты. Але зусім ненадоўга.
Зараз іх зноў прымушаюць плаціць і нашмат больш, чым раней. Вяскоўцы паўторна звярнуліся са скаргай у Адміністрацыю прэзідэнта і Камітэт дзяржкантролю. Пад скаргамі падпісаліся 107 чалавек, кажа шматдзетны жыхар Целяхан Аляксандр Іваноў:
– Экскурсія па тэрыторыі леса-паляўнічай гаспадаркі. Было 20 капеек з чалавека ў гадзіну. Цяпер 1 рубель. І дадалася экскурсія па Агінскаму каналу. То-бок, праехаць праз шлагбаўм – гэта называецца экскурсія па Агінскаму каналу. Насамрэч экскурсію ніхто не праводзіць. За стаянку машыны 20 капеек у гадзіну. Або за суткі 1 рубель. Выкарыстанне ўласных плаўсродкаў вёсельных, па-мойму, 3 рублі, і з маторам – 7 рублёў з чалавека.
Мясцовыя паляўнічыя таксама не задаволены. Для палявання тэрыторыю зменшылі напалову. На скаргу 33 паляўнічых кіраўніцтва Белавежскай пушчы, куды ўваходзіць Выганашчанскі лясгас, нават не адказала. Паляўнічыя пляцоўкі ў поўным заняпадзе.
Беларускае Радыё Рацыя